Радыё "Свабода": Лунінецкі вайсковы аэрадром расчышчаюць і разбудоўваюць

На вайсковым аэрадроме пад Лунінцам фіксуюць  незвычайную актыўнасць. Гэта дазваляюць пабачыць спадарожнікавыя здымкі, перадае Радыё "Свабода".

На вайсковым аб’екце валяць лес, расчышчаюць расліннасць, рэканструююць адразу некалькі будынкаў і ўзводзяць новыя, пракладаюць камунікацыі.

Перад расійскім уварваньнем ва Украіну вайсковы аэрадром "Лунінец" лічыўся запасным і выкарыстоўваўся рэдка.

Змены на ім пачаліся перад вучэннямі "Саюзная рашучасць — 2022". Напад Расіі на Украіну адбыўся якраз пасля гэтых вучэнняў. Агрэсія адбывалася ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі. 

Па здымках журналісты заўважылі, што цяпер вайсковай тэхнікі на аэрадроме няшмат: толькі некалькі комплексаў С-300 ці С-400. Самалётаў няма, стаяць толькі два верталёты.

У вайсковым гарадку абнавілі амаль усе жылыя ці адміністрацыйныя пабудовы. На расчышчаным ад лесу кавалку зямлі пачалі ўзводзіць нешта накшталт ангару ці казармы — амаль удвая большы за тыя, што ёсьць. Высеклі кавалак лесу каля ўязной паркоўкі.

Таксама "Свабода" са спасылкай на свае крыніцы паведамляе, быццам ў Лунінецкаму райвыканкаму загадалі пабудаваць у горадзе жыллё для сем’яў расійскіх вайскоўцаў, якія будуць пражываць там стала.

Лунінецкі аэрадром / спадарожнікавыя здымкі, svaboda.org
Лунінецкі аэрадром / спадарожнікавыя здымкі, svaboda.org

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.