Radiohead - The King of Limbs

The King of Limbs спрадусаваў ужо нязменны сябар гурта – Найджал Годрыч (Nigel Godrich). Найджэл прыхільнік “непрычасанага” і “не вылізанага” гуку, і ў працы над The King of Limbs ён гэтай канцэпцыі не здраджвае. Хутчэй за ўсё, запраграмаваныя біты, сінты і дзіўныя складаныя гукавыя канструкцыі нагадаюць вам пра Kid A (2000) ці нават сучасную камп’ютарную музыку Flying Lotus.

Сам Том Ёрк (Tom Yorke) па-ранейшаму застаецца закрытым і меланхалічным. Ён разважае пра ўнутраную і агульную пустату, пра важнасць пошукаў адпаведных сэнсаў.

Я схаваюся нябачны ў тваёй кішэні, і рабі са мной што хочаш”, – спявае Том Ёрк у трэку “lotus flower”, які з’явіўся ў сеціве напярэдадні афіцыйнага выхаду альбому ў выглядзе чорна-белага кліпу.

Відэа зрабіў вядомы рэжысёр Гарт Джэнінгс (Garth Jennings) . Аўтар шыкоўнага фільму “Аўтастопам па галактыцы”, кліпаў “Right Here, Right Now" Fatboy Slim”, "Freedom"  Robbie Williams, проста паставіў Тома Ёрка на сцэну і прымусіў яго рухацца. Гэты відэашэраг даў нам падказку – новы альбом Radiohead прапануе вялікае поле для інтэрпрэтацый.

 

Чаму назвай альбому стала імя тысячагадовага англійскага дубу? Чаму вокладка нагадвае нам пра свет містычных дэпрэсіўных казак? Чаму ў кліпе Том Ёрк танчыць адзін? Дарэчы, і ўвесь альбом гучыць, нібыта гэта не работа пяці шыкоўных музыкаў, а сольны альбом вакаліста. Чаму дагэтуль фанаты і крытыкі гурта не могуць вырашыць, што такое The King of Limbs. Гэта новы поспех ці апошні правал Radiohead? Усе гэтыя “чаму” існуюць таму, што свет моцна змяніўся, і кожны аналізуе яго адпаведна ўнутранай мерцы.

Разарванае светаадчуванне індывідуалістаў і глабальныя працэсы, якія змяняюць чалавецтва - вось пра што распавядае нам The King of Limbs. Тут ёсць шматлікія паралелі. Гэта разгубленасць і адсутнасць дакладнай куплетна-прыпеўнай структуры.

Гэта спроба адшукаць баланс паміж агульным “іншым” і сваёй уласнай самотай, і голас Тома Ёрка гучыць то на першым плане, то раптам робіцца размытым і раскіданым па панараме гуку, як пырскі масла, што выпала з рук. Гэта драматычнае пачуцце небяспекі сучаснага чалавека, яго жаданне схавацца ў свеце казак, хай сабе і змрачнаватых, і дзіўныя электронныя гукі альбому, дзе сінхронныя плясканні ў далоні гучаць замест барабанаў, а перагружаны бас і мітуслівыя гітары нараджаюць эмбіэнтныя фантазіі.

Калі ты думаеш, што ўсё скончылася, то ты памыляешся”, – кажа Том Ёрк у апошнім трэку альбому (Separator) і распавядае гісторыю свайго доўгага і прыгожага сну, дзе гіганцкая птушка нясе яго на сваіх крылах. Здаецца, што Radiohead – гэта самае сапраўднае, што сёння можа існаваць там, дзе класічнае разуменне музыкі ўжо даўно спіць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі