Рада БНР заявіла пра "абсурдны характар" абвінавачванняў Генпракуратуры РБ

Рада БНР, верасень 2023-га

Рада БНР, верасень 2023-га / t.me/radabnr/

Рада БНР адрэагавала на распачатую ў Беларусі супраць яе крымінальную справу аж па сямі артыкулах Крымінальнага кодэкса ("змова ці іншыя дзеянні з мэтай захопу дзяржаўнай улады", "наўмысныя дзеянні па рэабілітацыі нацызму, учыненыя групай асоб", "дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь" ды іншыя). "Рада Беларускае Народнае Рэспублікі прымае да ведама інфармацыю пра незаконны крымінальны пераслед, распачаты карніцкімі органамі нелегітымнага рэжыму на чале з А. Лукашэнкам, — гаворыцца ў заяве. — Дадзены факт ніякім чынам не паўплывае на дзейнасць Рады БНР, яе ўзаемадзеянне з дэмакратычнымі сіламі Беларусі і яе падтрымку беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць за свабоду і незалежнасць Украіны. Больш за тое, заведама незаконныя і абгрунтаваныя экстрэмісцкай ідэалогіяй рэжыму Лукашэнкі рашэнні і дзеянні, у тым ліку псеўдаюрыдычнага характару, папаўняюць спіс злачынстваў, якія могуць быць падставай для крымінальнага пераследу датычных да іх асоб пасля аднаўлення законнасці на тэрыторыі Беларусі".

Рада БНР называе ілжывымі і абсурднымі абвінавачванні Генпракуратуры РБ у нібыта адмаўленні ёй незалежнасці беларускай дзяржавы. У заяве адзначаецца, што "менавіта Рада БНР 25 сакавіка 1918 года абвесціла пра дзяржаўны суверэнітэт Беларусі, ад чаго вядзе свой адлік гісторыя сучаснай суверэннай Беларусі". Таксама Рада БНР нагадвае, што "неаднаразова асуджала таталітарныя рэжымы, якія здзяйснялі злачынствы на тэрыторыі Беларусі, у тым ліку рэжым нямецкіх нацыянал-сацыялістаў".

Рада БНР існуе ў замежжы, яна была адноўлена на Захадзе пасля Другой сусветнай вайны. Цяпер яе ўзначальвае Івонка Сурвіла, якая жыве ў Канадзе. Рада БНР заснавала ўласныя ўзнагароды, якімі ўганаравала беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне і палітвязняў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі