Пётр Ялфімаў: Тое, што рабілася ўчора на сцэне, — проста жахліва

Беларускі канкурсант на “Еўрабачанні-2009” Пётр Ялфімаў мяркуе, што ягоны выступ у паўфінале быў найвышэйшага ўзроўню, з якім не параўнаецца ніхто з папярэдніх беларускіх удзельнікаў “Еўрабачання”. Пра гэта спявак расказаў у інтэрв’ю Еўрарадыё.

Пётр Ялфімаў: “Выступленне было сапраўды вартым, найвышэйшага ўзроўню, я лічу. Усё, што тычыцца вакальнага выканання, усё было найвышэйшага ўзроўню. Я лічу, што гэта быў увогуле найлепшы выступ за ўсе пяць год, калі Беларусь удзельнічала ў Еўрабачанні. Гэта не толькі мая думка, а думка ўвогуле ўсіх расійскіх журналістаў і не толькі расійскіх журналістаў”.

Паводле слоў Пятра, усе журналісты прэс-цэнтру былі ў шоку, калі даведаліся, што беларускі спявак не патрапіў у фінал. На думку артыста, у паразе вінаватая пастаноўка польскага рэжысёра Януша Юзэфовіча, які працаваў над нумарам. Пётр прызнаўся, што дагэтуль не разумее, што адбывалася на сцэне побач з ім.

Пётр Ялфімаў: “На жаль, іхняе афармленне не дацягвае крыху па ўзроўні да сцэны Алімпійскага. І мы пра гэта казалі першапачаткова два месяцы таму. Нас ніхто не паслухаў. Я так да канца і не зразумеў, у чым жа была геніяльная ідэя Януша Юзэфовіча. Па-мойму, гэтага не зразумеў ніхто”.

Спявак супакоіў Еўрарадыё: паразу ён перажыве. А вось ці перажыве гэта спадар Юзэфовіч, Ялфімаў сумняецца.

Пётр Ялфімаў: “Калі Януш Юзэфовіч хацеў праверыць на мне свой дэбют з праекцыяй, то ў яго, на жаль, не атрымалася. Я-то гэта перажыву, а вось ці перажыве Януш Юзэфовіч... Дай бог яму здароўя”.

Прычым больш з гэтым нумарам у гэтай пастаноўцы Пётр Ялфімаў выступаць адмаўляецца.

Пётр Ялфімаў: “Не, я не буду ў гэтым выступаць. І ўвогуле, на мой погляд, тое, што рабілася ўчора на сцэне, — гэта проста жахліва. Гэта проста іншароднае цела стаяла побач”.



Каб палепшыць выступ беларускага артыста ў наступным годзе, Пётр Ялфімаў лічыць, трэба змяніць каманду, якая сёлета працавала з ім.

Пётр Ялфімаў:
“Я б прапанаваў змяніць каманду, якая працуе на Еўрабачанні. Таму што столькі бруду, колькі вылівае свая ж беларуская каманда на беларускага выканаўцу, — гэта проста абразліва і зневажальна для артыста. Я, у рэшце рэшт, прафесійны артыст. А тое, што робіць беларуская каманда, гэта, прабачце, жах і кашмар. За яе проста сорамна”.

Народны артыст Беларусі, кіраўнік нацыянальнага адборачнага туру Аляксандр Ціхановіч, аднак, лічыць, што каманда спрацавала прафесійна. А вось Пётр канфліктаваў з кожным яе удзельнікам.

Аляксандр Ціхановіч: “Я ўсё ж такі лічу, што канкурсант абавязкова павінен быць у кантакце з тымі, з кім ён працуе. Ніколі не аддзяляцца, ні аддаляцца. “Еўрабачаннем” займаецца каманда, якая займаецца гэтым не першы год. Канфлікт быў у Пеці... з усімі. І як бы мы ні стараліся, якія б крокі насустрач ні рабілі, адказ быў адзін: што ён адзін такі вялікі, а мы ўсе не разумеем, чаго хочам”.

Крыўдна было спадару Ціхановічу чуць ад Пятра пытанне, куды пайшлі грошы, выдзеленыя на падрыхтоўку да конкурса. Вядома, на артыста, абураецца Ціхановіч.

Аляксандр Ціхановіч: “Гэтая заява пра тое, куды пайшлі грошы... Сродкі пайшлі на падрыхтоўку артыста! Куды яны маглі пайсці?”

На жаль, беларусам не шанцуе з “Еўрабачаннем”. Яшчэ ні разу нам не давялося перамагчы. Можа, рэч у тым, што ўсе нумары ў нас без асаблівай “фішкі”, якую звычайна маюць пераможцы конкурсу? Аляксандр Ціхановіч лічыць, што тут справа не ў “фішцы”, а ў песні. Трэба, каб яна была ў фармаце “Еўрабачання”. На жаль, песня Пятра яму не адпавядала.

Аляксандр Ціхановіч: “Я думаю, што не абавязкова ісці па такім шляху. Таму што не заўсёды выйграюць монстры і трансвестыты. Як правіла, у фінал выходзіць добрая песня ў фармаце “Еўрабачання”. Трэба сказаць, што песня Пеці ўсё ж такі троху была не ў фармаце. Гэта рок”.

Спадар Ціхановіч выказаў спадзяванне, што ў наступным годзе беларуская каманда ўлічыць усе памылкі і пераможа ў “Еўрабачанні”.




Фота eurovision.tv

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі