Вы тут

Пяскоў адмаўляе правакацыю ва Украіне, а ЕС шукае, чым замяніць расійскі газ

Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў / Reuters

Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў абвяргае, што Расія збіраецца зладзіць правакацыю ў Украіне, каб развязаць новы ваенны канфлікт.

Раней з такой заявай выступіў памочнік прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван. Прэс-сакратар Белага дома Джэн Псакі распавяла, што "напад" плануецца з сярэдзіны студзеня па сярэдзіну лютага.

Мы жывем у свеце фальшывых абвінавачванняў, фэйкавых навін і ў свеце хлусні. Пакуль гэта нейкім чынам — ясным і зразумелым — не будзе даказана, мы будзем працягваць лічыць, што гэта фэйкі, — заявіў Пяскоў.

Ён падкрэсліў, што напружанасць у рэгіёне нарастае, таму Крэмль настойвае на тым, каб атрымаць "вельмі канкрэтны адказ на нашы вельмі канкрэтныя прапановы". Маецца на ўвазе патрабаванне Расіі аб недалучэнні Украіны да НАТА.

Гэта адзіны шлях у кірунку разрадкі напружанасці ў цяперашняй сітуацыі.

Не падобна на тое, што ў НАТА гатовыя прыняць умовы Расіі. А ЗША тым часам вядзе перамовы з энергетычнымі кампаніямі аб пастаўках газу ў ЕС на выпадак расійска-ўкраінскага канфлікту. Пра гэта Reuters распавялі 14 студзеня два амерыканскіх чыноўніка і две крыніцы ў газавай галіне.

Калі канфлікт ўсё ж будзе, санкцыі ЗША могуць парушыць пастаўкі расійскага газу ў Еўропу. Гэта пагоршыць энергетычны крызіс, бо каля траціны паставак газу ідуць у ЕС менавіта з Расіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.