П'яны кіроўца пад Гроднам пратараніў іншы аўтамабіль дзеля помсты
![П'яны кіроўца пад Гроднам пратараніў іншы аўтамабіль дзеля помсты](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/drink-2109.jpg.webp?itok=AULlXaVF)
15 траўня нецвярозы кіроўца на аўтадарозе Гродна-Сапоцкін знарок учыніў ДТЗ, паведамляе ДАІ УУС Гродзенскага аблвыканкама.
57-гадовы гарадзенец пасварыўся з жонкай, выпіў гарэлкі і вырашыў паехаць на лецішча ў вёску Рацічы. Мікрааўтобус "Фальксваген", на якім ён ехаў, віляў па дарозе, хаатычна паскараўся і тармазіў. На вуліцы Славінскага на гэта звярнуў увагу кіроўца легкавога аўтамабіля "Фальксваген". Параўняўшыся з мікрааўтобусам, ён заўважыў, што кіроўца нецвярозы і затэлефанаваў у ДАІ. Сам мужчына працягнуў ехаць за аўтобусам, паведамляючы ў ДАІ пра яго маршрут.
За некалькі кіламетраў ад горада мікрааўтобус спыніўся, развярнуўся і паехаў за машынай свайго пераследніка, а потым пратараніў яе.
Пазней п'яны кіроўца патлумачыў: ён вырашыў адпомсціць, калі зразумеў, што другі кіроўца пераследуе яго пасля паведамлення ў ДАІ. Інспектары ДАІ прыехалі на месца ДТЗ праз пару хвілін пасля аварыі.
Дарэчы, утрыманне алкаголю ў затрыманага на момант агляду перавышала дапушчальны паказчык прыкладна ў тры разы.