Пяцярых беларусаў затрымалі за рэгістрацыю ў чат-боце палка Каліноўскага, паведамляе тэлеканал СТБ. Гэта 25-гадовы Аляксандр Беляеўскі з Магілёўскай вобласці, мінчук Юрый Палітыка, 29-гадовы Аляксей Калібаба, Уладзіслаў Даўетас і жодзінец Яўген Уладзіміраў.
Сюжэт пра іх затрыманне выйшаў у праграме Рыгора Азаронка "Таемныя спружыны палітыкі". Ён, дарэчы, паведаміў, што затрыманне ўсіх пяцярых адбывалася "брутальна, калі заўгодна — жорстка".
Намеснік начальніка следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак паведаміў, што цяпер усіх затрыманых правяраюць на супрацу з замежнымі спецслужбамі.
Хутчэй за ўсё, маладыя людзі зарэгістраваліся не ў сапраўдным чат-боце палка Каліноўскага, а ў фэйкавым, створаным спецслужбамі. Улады ствараюць такія фальшыўкі не толькі для палка Каліноўскага, але і для плана "Перамога".
Полк Каліноўскага аб'ядноўвае беларусаў, якія ваююць на баку Украіны супраць Расіі. Напрыканцы верасня МУС Беларусі прызнала полк "экстрэмісцкім фармаваннем".