Пушкін: Я наступны кандыдат у прэзідэнты

I выканаць рашэнні IV Усебеларускага з'езда пра паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі.

Еўрарадыё: Як настрой пасля турмы?

Пушкін: Сумна ад гэтай жорсткасці. Даведаўся ад жоначкі пра вашую салідарнасць. Пра патрымку людзей. Ёсць беларуская Салідарнасць. Дзякуй, што не забылі простага, невядомага вясковага мастачка паміж пушчаў, балот беларускай зямлі.

Я толькі зараз адчытаў пасыл дзяржавы, чаму яны так са мной зрабілі. Пасыл гэта такі: “Алесь Мікалаевіч, калі вы да нас у сельсавет не хочаце хадзіць на выбары,то мы да вас у камеру прыйдзем з урнай выбарчай”
.

Цяпер я буду сур’ёзна ставіцца да выбараў кіраўніка Рэспублікі Беларусі.


Еўрарадыё: У чым будзе заключацца вашая сур’ёзнасць?

Пушкін: За дваццаць гадоў дзяржава упарта трактавала мяне як дробнага злодзея (у Воршы выкінуў я сцяг, абвінавацілі ў выкраданні палотнішча дзяржаўнага сцяга коштам 8 тыс. 600 рублёў шляхам выкідвання яго з вакна), дробнага хулігана і хулігана з асобым цынізмам (1999 год, тачка з гноем), хуліган і забіяка вось цяпер. Мацяршчыннік падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2005 года. Атрымліваецца, што дзяржава не заўважае мяне як мастака, простага хлопчыка, які жыве тут, гаворыць на беларускай мове, распісаў царкву і моліцца ў ёй, ладзіць Купалле, малюе пейзажыкі, ездзіць на пленэры, гадуе дзетак.

Цяпер засталося назваць мяне самагоншчыкам: на Купалле крупнік гоніць, усіх частуе. Вось засталося мне прышыць “выраб і продаж спіртных напіткаў”, і поўная карціна атрымліваецца вясковага нягодніка, катораму якраз балатавацца ў прэзідэнты ў 2015 годзе.

Еўрарадыё: То бок варта чакаць, што ў 2015 годзе вы будзеце балатавацца ў прэзідэнты?

Пушкін: А што ж. Пасыл быў такі: або хадзі на выбары, або балатуйся на іх. Наступны кандыдат на прэзідэнта – Алесь Пушкін, забяка, хуліган і мацяршчыннік. У суседняй краіне на 50 млн. насельніцтва не знайшлося нікога лепшага за чалавека, які краў шапкі і гвалціў жанчын. І ў нас такі вось вясковы нягоднік будзе балатавацца ў прэзідэнты. Весела?

Еўрарадыё: Мы абяцаем за вас прагаласаваць. А можа, улада баялася, што вы паедзеце на плошчу і напоіце ўсіх сваёй гарэлкай?

Пушкін:
А я б не паехаў. За каго ехаць? Мне званіў першы Саннікаў, потым Рымашэўскі, потым Раманчук, ну і апошні Някляеў. Чалавеку з усімі маімі недахопамі, якому Павел Латушка не дазволіў зрабіць роспіс музея Караткевіча. Сёлета стала вядома, што менавіта Латушка не дазволіў мне распісаць музей Караткевіча. Ад імя Някляева мяне папрасілі прыйсці на Прывакзальную плошчу падчас усебеларускага сходу і сказаць: Галасуйце за Някляева! Я адказаў: Не! Я не падтрымліваю ніводнага з кандыдатаў. Ну, і ... я таксама не падтрымліваю.

Еўрарадыё: Як вы ацэньваеце падзеі 19 снежня?

Пушкін: Гэта было застрашванне грамадства. “Людзі, не ідзіце за гэтымі палітыкамі, якія бяруць чужыя грошы. Рана ці позна праект “Марскі пехацінец” заканчваецца кайданкамі і турмой, і праект “Паэт” закончыўся кайданкамі і турмой. Не бярыце чужыя грошы, гэта нядобра. І на партыі павінны быць свае грошы, і на таварыства Беларускай мовы. Таму так было ўсё жорстка, дэманстратыўна, з прымяненнем прафэсіяналізма ўнутраных войск. Плюс была арганізаваная медыцынская дапамога, параненых адцягвалі, каб журналісты не ўбачылі. Зараз на камерах адгледзяць, хто быў харошы, хто кепскі, адным дадуць адміністратыўную справы, другіх выпусцяць.

Адназначна ўказка была дадзеная: кіргізскі варыянт тут не пройдзе. І другая: палітычнай дзейнасцю трэба займацца са свайго народа, не шукаць падтрымлікі з-за мяжы.

Еўрарадыё: Як вы галасавалі 10 снежня, як да вас прыйшлі са скрынкай?

Пушкін:
Прыйшоў да мяне капітан Макараў, такі добры прафэсіянал, якому наша дзяржава даручыла маё жыццё і здароўе, у чысьценькай кашулечцы, паголены. “Спадар Пушкін, будуць жа выбары ў нас”. Я кажу: “Ведаю, будуць перавыбары вашага прэзідэнта. Вы ж не ўкіньце за мяне там бюлетэнь за вашага ...!” Не, кажа, мы ў камеру прыйдзем. І вось а восьмай раніцы прыпёрлі мне тую урну. Я ветліва адмовіўся ад выбараў, яны ветліва падзякавалі, развярнуліся і пайшлі.
Я кажу: капітан Макараў, ну з выпадку перавыбараў вашага ... трэба ж стопачку махануць, прамыць страўнікавы тракт. Хоць я і галадоўку трымаў. Не, кажа, нельга.
Я кажу, ну хоць цукерку з кіпнем. Толькі беларускую. Прынеслі мне дзве цукеркі і кіпень. І пасля 10 дзён галадоўкі гэта было такое шчасце. І я падумаў: Які абсурд! Свабоднага чалавека ў турме просяць прагаласаваць! І я падумаў, што ўся наша краіна ў камеры, бедны, жабрацкі народ, якому дадуць курынага кумпячка, малака, батона свежага – гуляй! Патрыманы стары фольксваген можа купіць камбайнер? Зможа! Ну і прагаласуе за вусатага. Потым сядзе ў фольсваген, зьездзіць да цешчы, вып’е-закусіць: “Абы здароўе! Абы на той год лепш было”. І шчаслівыя мы.


Еўрарадыё: А чаму вы сказалі, што ў нас народ ня той?


Пушкін: Беларускія мужчыны баязліўцы. Беларускія жанчыны нараджаюць ад баязліўцаў, канфармістаў і лёкаяў.

Еўрарадыё: А спадарыня Ярмошына сказала, што жанчыны мусяць сядзець дома і варыць боршч, а не хадзіць на плошчу. Вось яшчэ і мужчыны баязліўцы. Дык што ж нам рабіць?

Пушкін: Ярмошына ня мае рацыі. Бабы, выходзьце на вуліцы! Мужыкі, сядзіце дома, гатуйце бршч і глядзіце тэлевізар. Таму што беларускі мужчына – танны і зручны, як напісала адна мая сяброўка. Маўклівы, адводзіць позірк.

Еўрарадыё: Але вы не такі, спадар Алесь!


Пушкін: Для мяне самы важны момант у выбарах 2010 такі: я прыйшоў з турмы і кажу: “Жана, ты мяне кахаеш?” Яна: “Канешне, герой, і хачу падарыць табе сына!”

Еўрарадыё: Дык можна у бліжэйшы час чакаць?..

Пушкін: Не, не ўсё адразу, трэба ад’есціся, хлябоў, каўбас, жанілка запрацуе! Цяпер выбары, снег. А потым прыляцяць шпакі, усё зменіцца. А рашэнне усебеларускага народнага сходу ніхто не адмяняў, хоць адно рашэнне трэба выканаць. І я заклікаю, каб беларускія мужчыны сядзелі дома і варылі боршч, а беларускія жанчын драпалі твары міліцыянтам і білі іх сумкамі па галаве, пагоны зрывалі: “Вы не маеце права насіць гэтыя пагоны!”

Асаблівы прывет капітану Макараву, які выканаў заданне Радзімы і заслужыў прысваенне чарговага звання маёр і нагрудны знак “За ўзорнае выкананне службовых абавязкаў”.


P.S. З-за імкнення Рэдакцыі захаваць паліткарэктнасць некаторыя выразы ў інтэрв'ю замененыя на трохкроп'е.

Здымак Радыё Свабода

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі