Вы тут

Пуцінскі Мордар і халакост ва Украіне вачыма Зянона Пазняка. Як перамагчы?

Калаж Уладзіслава Рубанава / Еўрарадыё

“Мы не ведаем, што будзе далей, таму вельмі важна паставіць пытанне аб прызнанні Беларусі акупаванай краінай”, — упэўнены лідар КХП-БНФ Зянон Пазняк

Ён дадае, што, калі мы зараз страцім сваю дзяржаву, тады можна развітацца і са сваёй нацыяй, і са сваёй будучыняй.

У інтэрв’ю Еўрарадыё палітык расказвае, чаму трэба мысліць геапалітычна, чым небяспечная раcійская імперыя, што будзе з пераабутымі беларускімі чыноўнікамі і нават з Ціханоўскай пасля Пуціна. I як Амерыка і Захад могуць дапамагчы Украіне ўжо цяпер.

 

Вялікая крывавая імперыя, якой не патрэбна свабода 

Вельмі важна зразумець, якія ў Расіі грамадская і палітычная сістэмы і якія ў яе духоўныя традыцыі. Дык вось, грамадская сістэма Расіі — гэта імперыя. Гэта не ёсць нацыя, гэта менавіта імперыя. 

Імперыя развіваецца экстэнсіўна, яна накіравана вонкі сябе: новыя тэрыторыі, прысваенне чужых традыцый, ідэй і гэтак далей. Нацыя развіваецца ўнутры сябе. Яна адмяжоўваецца ад таго, што не сваё, што не наша па фальклоры і па мове. Імперыя гэта не робіць.

Імперыя, у прыватнасці руская, накіравана на дзяржаўны шлях развіцця. Галоўная каштоўнасць — гэта дзяржава. І ўсю гісторыю мы заўважаем, што асоба не мела там ніякага значэння і жыццё чалавека таксама, а вось дзяржаўная сутнасць — молах, які пераварваў усё грамадства.

Мільёны смерцяў, пачынаючы з цара Івана IV, які выразаў 30 працэнтаў насельніцтва… Гэтая традыцыя пайшла здаўна, яшчэ з Арды. Як кажуць даследчыкі, калі мангол праліваў з курдзюка малако на зямлю або памачыўся ў юрце, яго забівалі. Але калі мангол забіў другога чалавека, на гэта не звярталі ўвагі, маўляў, прыватная справа. Жыццё не цанілася. 

Нават сёння падчас варварскай вайны, якую Расія вядзе супраць украінцаў, мы бачым, як яны ставяцца не тое што да чужога чалавечага жыцця, але і да сваіх салдат. Гэта ў іх крыві. Таму гэтым людзям не патрэбна свабода, і гэта вельмі істотна. 

Задержание на одиночном пикете в России / sota.vision

Так, у іх ёсць свае паняцці аб свабодзе, але гэта паняцці аб свабодзе нявольніка — рабскія паняцці. Гэта значыць, што калі мяне прыніжаюць і топчуць, то мая свабода заключаецца ў тым, каб я некага таптаў, каб я стаў паханам. Гэта такая крымінальшчына, якая характарызуе іх грамадства. 

Захад такіх рэчаў не разумее. Яны мяркуюць, што ў Расіі можна ўвесці дэмакратыю, што можна з Расіяй дамовіцца (правы чалавека і гэтак далей). І ўвесь час мы цярпім фіяска на гэтай глебе.

Ніякая дэмакратыя Расіі не патрэбна, ніякай дэмакратыі там ніколі не будзе. А калі, скажам, пачнуцца нейкія працэсы змен, то рана ці позна гэтае грамадства зробіць новага Пуціна, новага Леніна і новага Сталіна. Бо не тыраны робяць рабоў, а рабы робяць тыранаў.

 

“Рускіх няма”

У розных краінах у гатэлях можна пабачыць таблічку: “Рускіх няма”. Гэта значыць, можна засяляцца. Чаму так адбываецца і адкуль у расіян з’яўляецца нянавісць да іншых? 

Вось прыязджаюць рускія на Захад. Здавалася б — бачаць культурных і ветлівых людзей, усё чыста і хораша. І гэта ў іх выклікае нянавісць, таму што падспудна яны адчуваюць сваю ніжэйшасць побач з замежнікамі. І вось гэтая менавіта нявольніцкая нянавісць праяўляецца ў агрэсіўных паводзінах ад комплексу непаўнавартасці. 

А ў сутнасці ляжыць імперыя і імперская арганізацыя грамадскасці. 

Расія — гэта не нацыя, у яе няма нацыянальных асаблівасцяў. Дзе яе тэрыторыя? Тэрыторыя Расіі толькі вакол Масквы, і ўсё. А так этнічнай тэрыторыі няма. Плямістыя мапы, дзе жывуць чувашы, якуты і гэтак далей, раскіданы па ўсёй вялікай тэрыторыі. 

Калі паўстане пытанне, як стварыць нацыянальную тэрыторыю, дзе жывуць менавіта расіяне, узнікне праблема. Расія не можа стаць моўна-нацыянальнай краінай. Яна не можа не пашырацца і не шукаць новых тэрыторый, гэта сярэднявечны рэлікт. Вандроўнікі, якія фактычна не стваралі культуры... 

Мы бачым, што яны не ўяўляюць сваё існаванне без нашых зямель. Савецкі Саюз трымаўся на Украіне і Беларусі. Войска савецкае трымалася на ўкраінцах і беларусах. Без нас імперыя слабая. 

Трэба думаць геапалітычна

Вельмі важна ў нашай частцы Еўропы мець геапалітычнае мысленне. І калі яно будзе, тады не будзе такіх памылак, як мы не чакалі, што з Беларусі будзе напад. Калі не чакалі — значыцца, што проста геапалітычна не думалі, не рабілі аналіз, не разумелі элементарных рэчаў. Зразумела, што спачатку павінна быць захоплена Беларусь. Як толькі Беларусь будзе захоплена, тады будзе Украіна і потым Польшча. Вось такая раскладка. 

Тое, што адбываецца ва Украіне, гэта сапраўдны халакост! Украінцаў вынішчаюць як нацыю ўсімі сярэднявечнымі метадамі: вывозяць насельніцтва, ужо 800 тысяч чалавек вывезлі. Вывозяць дзяцей… Гэта вось тая сярэднявечная культура. Вынішчаюць людзей, інфраструктуру, гарады. Гэта толькі пачатак. Для таго каб ацалела ўкраінская нацыя, трэба перамагчы. Пытанне, якой будзе гэтая перамога. 

 

Макей, Ціханоўская і Лукашэнка пойдуць пад следства 

Калі Макей напісаў ліст у Брусель, ён пачаў пераабувацца. Прапанаваў перамовы, маўляў, што ён ніколі не дазволіць думкі пра тое, што вайна пачалася з тэрыторыі Беларусі. Пасля пачала пераабувацца Ціханоўская. Наступным будзе пераабувацца Лукашэнка, бо малаверагодна, што Пуцін апынецца наверсе.

Роля гэтых людзей незайздросная, але сутнасць не мяняецца: калі адбылася акупацыя Беларусі і калі ва Украіне робяцца такія злачынствы, па палітычных правілах трэба пайсці з палітыкі ў адстаўку. Яшчэ варыянт — папрасіць прабачэння, пакаяцца. Нічога падобнага мы не бачым. Замест гэтага — пераабуванне, змена рыторыкі, маніпуляцыі... Я паўтару: пры сітуацыі, калі паваляцца Пуцін і Лукашэнка, абавязкова гэтая група людзей пойдзе пад следства. Такі закон. 

 

Захад "кіне" Украіну?

Перамены адбудуцца, бо Пуцін нейкім чынам будзе зменены ўсё роўна. Тады, у залежнасці ад таго, як будуць адбывацца перамены, узнікне акно магчымасцяў. Калі ўсё спыніцца на тых акупаваных межах, якія заняла Расія, Захад пойдзе на перамовы. Украінцы залежаць ад Захаду і яго зброі — гэта трэба разумець. Ад Еўропы, Амерыкі, іх джавілінаў… На перамовах будуць выстаўлены пэўныя ўмовы, і, магчыма, атрымаецца правесці перамены. 

Але заходнія краіны будавалі ўсю сваю палітыку на расійскіх энерганосьбітах. Калі яны вырашаць перабудаваць сваю эканоміку, тады і будзе сур’ёзная размова. Пакуль там не гатовы: ні Італія, якая бярэ ў Расіі 40 працэнтаў газу, ні немцы, ні Францыя, хаця ў іх развіта атамная энергетыка. Зараз там кажуць, што напрыканцы года нешта зменіцца, але гэтага часу Расіі будзе дастаткова, каб знішчыць паўкраіны. Гэта трагедыя...

Выратаванне дзіцяці ў Ірпені / СNN

Захад і Амерыка павінны кончыць з гэтым Мордарам

Амаль 30 працэнтаў Украіны ўжо знішчана: заводы, жыллёвы фонд, людзі... Як гэта аднавіць? У выпадку калі будзе тлеючая вайна, будзе вялікая праблема. Таму я вельмі трагічна гляджу на тое, што адбываецца. Бачу, што найбольш песімістычны варыянт верагодны. 

Аптымістычны варыянт будзе, калі Захад, і перш за ўсё Амерыка, уключыцца ў барацьбу і кончыць з гэтым Мордарам. Гэта ўсё магчыма, але для гэтага патрэбна палітычная воля на Захадзе. Там, канешне, ёсць людзі, якія лічацца палітыкамі, але яны не палітыкі. Там няма Чэрчыля. Брытанія адна ваявала супраць Гітлера, усе пайшлі пад фюрара. 

Тое самае адбываецца цяпер. З Еўропай я сумняюся, што нешта будзе. А вось Амерыка магла б гэтыя пытанні вырашыць. Пакуль Мордар не будзе знішчаны, пакуль не разваліцца iмперыя, пакуль не будзе нюрнбергскі працэс над злачынцамі (а яны страшнейшыя за Гітлера, хоць і пакуль няма канцлагераў), нічога не зменіцца.
 

Post Scriptum

Цяпер трэба ўсімі сіламі дапамагаць украінцам і нашым жаўнерам, якія там ваююць, трэба каваць нашыя сілы ў Беларусі, таксама павінен быць супраціў, трэба набірацца розуму і вытрымкі, каб нас гэты Мордар не знішчыў. Мы жывём у цяжкі час, які вымагае смелых людзей, і яны ў нас ёсць. Пакуль вайна — ідзе барацьба. Пераможам Мордар — будзе другое.        

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.