Пуцін высока ацэньвае вынікі беларуска-расійскай інтэграцыі

Пуцін высока ацэньвае вынікі беларуска-расійскай інтэграцыі

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з гэтак званым Днём яднання народаў Беларусі і Расіі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Крамля. У віншавальнай тэлеграме Уладзімір Пуцін падкрэсліў запатрабаванасць Саюзнай дзяржавы для расіянаў і беларусаў і высока ацаніў вынікі інтэграцыйнага супрацоўніцтва ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, гуманітарнай і іншых сферах, дасягнутыя за больш чым дваццацігадовы перыяд.

Прэзідэнт Расіі таксама адзначыў, што назапашаны досвед сумеснай працы дапамагае знаходзіць аптымальныя рашэнні любых, нават самых складаных пытанняў, спрыяе далейшаму развіццю ўзаемавыгадных расійска-беларускіх сувязяў.

Напярэдадні Лукашэнка таксама даслаў у Крэмль віншаванне з “Днём яднання”.

“Гэтае знамянальнае свята сімвалізуе моцныя гістарычныя сувязі і агульнасць інтарэсаў нашых народаў. У Саюзнай дзяржавы ёсць трывалая аснова — багатая духоўная і культурная спадчына, велізарны эканамічны патэнцыял супрацоўніцтва”, — гаворыцца ў віншаванні.

Лукашэнка перакананы, што сумеснымі намаганнямі бакі працягнуць саюзнае будаўніцтва і развіццё інтэграцыйных працэсаў на прынцыпах раўнапраўя і ўзаемнага даверу. “Менавіта гэтага чакаюць ад нас мільёны грамадзян Беларусі і Расіі”, — адзначыў ён.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі