Пуцін стане прэзідэнтам саюзнай дзяржавы?

Але найперш прэзідэнты павінны вырашыць, ці будзе ў саюзнай дзяржаве такая пасада – прэзідэнт. Гэта адно з пытанняў, якое, хутчэй за ўсё, абмяркуюць кіраўнікі Расіі і Беларусі падчас візіту Пуціна ў Мінск. Пытанне прэзідэнцтва ў саюзнай дзяржаве і стала нагодай для скандалу ў СМІ, які нарадзіўся з лёгкай падачы радыёстанцыі “Эхо Москвы”. Каб разабрацца ў сітуацыі, Еўрарадыё звярнулася да людзей абазнаных. Кіраўнік прэс-службы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Іван Макушок, памочнік Паўла Барадзіна, такіх звестак не мае. Таксама ён зазначыў, што перад падпісаннем Канстытуцыйнага акту павінен прайсці рэферэндум.


Іван Макушок:
“У нас такой інфармацыі няма. Я асабіста сумняюся, што з адміністрацыі прэзідэнта Лукашэнкі напярэдадні сур’ёзнага для нашых саюзных адносінаў візіту магла паступіць такая інфармацыя. Будзе двухдзённы візіт, дастаткова доўгі. Нават упершыню прэзідэнт Пуцін будзе два дні ў Беларусі. І на пасяджэнні Вышэйшага Дзяржсавета будуць разглядацца пытанні як Канстытуцыйнага Савета, які рыхтуе Канстытуцыйны акт, так і самога Канстытуцыйнага акта. Перад яго падпісаннем народы Саюзнай дзяржавы павінны прагаласаваць за Канстытуцыйны акт ці супраць, за аб’яднанне ці супраць”.


Па словах сенатара Савета Рэспублікі Мікалая Чаргінца, Канстытуцыйны акт падрыхтаваны толькі на 90%. Таму падпісанне яго немагчыма, яго могуць толькі абмяркоўваць.


Міклай Чаргінец:
“Тое, што ён будзе падпісаны, я выказваю вялікі сумнеў. Гэта я кажу як член групы па падрыхтоўцы Канстытуцыйнага акту. Усіх груп, якія працавалі над усімі яго варыянтамі. І ведаю, што ён гатовы дзесьці на 90 адсоткаў. І там ёсць некалькі момантаў, якія павінны вырашыць абодва прэзідэнты. Ці будзе ў саюзнай дзяржаве пасада прэзідэнта, камісія пакінула на іх разгляд. Вынеслі два варыянты: пакінуць усё як ёсць – Вышэйшы дзяржсавет, а другі – прэзідэнт і віцэ-прэзідэнт. На гэты конт трэба трэба ведаць меркаванні прэзідэнтаў. Можа быць, падчас сустрэчы яны і абмяркуюць гэтыя моманты. Таму што я ведаю, што перад імі стаяць больш важныя пытанні, якія яны павінны абмеркаваць, і яны павінны быць падпісаны. Гэта тычыцца і адзінага тарыфу на чыгунцы, і па пытаннях медыцыны, умовах узаемных паставак лекаў, пагадненне па аўтамабільных зносінах”.


Каментуючы інфармацыю "Эхо Москвы" пра прыезд Ул.Пуціна ў Беларусь галоўны рэдактар газеты “БДГ. Деловая газета” Пётр Марцаў адзначыў, што "прыезд больш укладаецца ў пераднавагодні гандаль з газам, чым у стварэнне саюзнай дзяржавы":


Пётр Марцаў:
“Я думаю, што гэты прыезд больш укладаецца ў пераднавагодні гандаль з газам, чым у стварэнне саюзнай дзяржавы. Таму што для стварэння саюзнай дзяржавы парадак такі: спачатку Канстытуцыйны акт неабходна падпісаць, потым яго павінны ратыфікаваць парламенты, потым рэферэндумы павінны прайсці. Толькі потым нехта павінен стаць кіраўніком саюзнай дзяржавы. Прычым не зразумела як. Праз выбары ці праз што? Нават калі яны тут падпішуць Канстытуцыйны акт, у выніку гэтага Пуцін не стане кіраўніком саюзнай дзяржавы”.


Кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук сумняецца, што Лукашэнка пойдзе на падпісанне "саюзнай дамовы":


Яраслаў Раманчук: “Розныя бакі гуляюць у сваю гульню, і гэта сведчыць пра тое, што, безумоўна, паміж краінамі існуе крызіс даверу – гэта кажа пра тое, што ўся гэта саюзная дзяржава ператварылася ў рынг для палітычнага боксу, а не плённага супрацоўніцтва.
Гэта мог і беларускі бок зрабіць, і расійскія спецслужбы, каб паглядзець, якая будзе рэакцыя беларускага боку. Тут у кожнага ёсць свае прычыны, каб рабіць такія рэчы напярэдадні саміту”.


Кіраўнік прэс-службы прэзідэнта Беларусі Павел Лёгкі па ўсе каментары параіў звяртацца да расійскіх СМІ, адкуль і пайшла інфармацыя аб падпісанні Канстытуцыйнага акта падчас візіту Пуціна ў Мінск.


Нагадаем, што некалькі дзён таму вядомы беларускі палітолаг Раман Якаўлеўскі, каментуючы Еўрарадыё раптоўнае рашэнне Пуціна прыехаць у Мінск ажно на два дні, папярэдзіў, што варыянт падпісання Канстытуцыйнага акта магчымы. І папярэдзіў, што гэта можа быць вельмі небяспечна для суверэнітэту нашай краіны. Калі бліжэй да вечара каментароў набралася дастаткова і на гэты конт выказалася больш палітыкаў, палітолагаў і эканамістаў, загучалі нават словы аб правакацыі з беларускага боку. Але галоўны рэдактар “БДГ. Деловая газета” Пётр Марцаў назваў гэта проста палітычным піярам.


Пётр Марцаў: “Мне падаецца, што гэтая раптоўная кампанія прысвечаная перамовам з “Газпромам” у кошце на газ. Каб выбіць як мага меншы кошт. А калі раптам не атрымаецца, то абвінаваціць расіян, што яны не хочуць ствараць саюзную дзяржаву і не ідуць на перамовы. Зрабіць вінаватым расійскага прэзідэнта. Гэта піяр-тэхналогія, і яна пераследуе менавіта гэтыя мэты”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі