Пуцін просіць выпусціць украінцаў з акружэння, баевікі патрабуюць раззброіцца

Адмысловы зварот Уладзіміра Пуціна быў абнародаваны ў ноч на пятніцу. Ён адзначыў, што ў акружэнне трапілі вайскоўцы, якія "ўдзельнічаюць у ваеннай аперацыі не па сваёй волі, а выконваючы загад". Расійскі кіраўнік прапанаваў стварыць для іх гуманітарны калідор, "каб пазбегнуць бессэнсоўных ахвяр, даць ім магчымасць бесперашкодна выйсці з раёна баявых дзеянняў, уз'яднацца са сваімі сем'ямі". 

Кіраўніцтва так званай "Данецкай народнай рэспублікі" адказала, што калідор будзе прадастаўлены ў тым выпадку, калі акружаныя вайсковыя часці здадуць зброю. Пра гэта ў расійскім тэлеэфіры заявіў прэм'ер-міністр "ДНР" Аляксандр Захарчанка. 

"Мы гатовыя даць украінскім часцям, акружаным у гэтых катлах, гуманітарныя калідоры пры ўмове здачы цяжкага ўзбраення і боепрыпасаў, каб гэтае ўзбраенне і боепрыпасы ў будучыні не маглі быць выкарыстаныя супраць нас", — цытуе РБК словы Захарчанкі. 

Нагадаем, што ўкраінскія вайскоўцы трапілі ў акружэнне ў раёне Ілавайска і Амвросіеўкі. 28 жніўня прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка заявіў пра ўварванне расійскіх войскаў на тэрыторыю Украіны. У той жа час украінскія сілавікі паведамілі, што Новаазоўск узяты расійскімі вайскоўцамі. 

Мінабароны Расіі адмаўляе ўдзел расійскіх вайскоўцаў і вайсковай тэхнікі ў баявых дзеяннях ва Украіне. 

Фота Захарчанкі — ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі