Вы тут

Прысуд Максіму Знаку і Марыі Калеснікавай абвесцяць 6 верасня

Марыя Калеснікава і Максім Знак на прэс-канферэнцыі / ТАСС

Прысуд па справе Максіма Знака і Марыі Калеснікавай абвесцяць 6 верасня, паведамілі ў Каардынацыйнай радзе.

Сёння пасяджэнне завяршылася спрэчкамі бакоў. Юрыст і актывістка штаба выступілі з апошнім словам. Дэталі і падрабязнасці невядомыя — суд праходзіць у закрытым рэжыме, але вядома, што апошняе слова Максіма Знака доўжылася тры гадзіны.

Віктар Бабарыка выказаўся пра суд над Максімам Знакам і Марыяй Калеснікавай:

— Гэта працэс не проста над людзьмі, але над тымі прынцыпамі, якія гэтыя людзі ўвасабляюць: Макс — веру ў перамогу права і законнасці, Маша — веру ў дабро і справядлівасць, — цытуе словы экс-банкіра телеграм-канал каманды. — А аб'ядноўвае іх вера ў беларускі народ і ў тое, што беларусы гэтак жа, як і яны, павінны жыць па гэтых прынцыпах. І прысуд, які будзе вынесены, — не толькі людзям, але і гэтым базавым каштоўнасцям. Аднак незалежна ад таго, да якіх тэрмінаў яны будуць прысуджаныя, каштоўнасць гэтых прынцыпаў не мяняецца. У іх трэба працягваць верыць.

Калеснікава і Знака абвінавачваюць у закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (арт. 361 Крымінальнага кодэкса). Суд над імі пачаўся 4 жніўня. Справу разглядае Мінскі абласны суд у будынку суда Мінскага раёна.

Калеснікавай і Знаку пагражае да 12 гадоў калоніі: абаіх абвінавачваюць у спробе захопу ўлады, публічных закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспекі, і стварэнні экстрэмісцкага фарміравання.

Калеснікава была ўзятая пад варту 8 верасня мінулага года. За дзень да гэтага невядомыя выкралі яе ў цэнтры Мінска і спрабавалі вывезці з краіны, аднак на беларуска-ўкраінскай мяжы яна парвала свой пашпарт.

9 верасня затрымалі Максіма Знака.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.