Вы тут

"Прыехаў узброены АМАП": затрыманы ўдзельнік аўтамаршаў Віктар Масько

У кватэру бацькоў Віктара Масько, дзе праходзіў ператрус, выклікалі падмацаванне / Скрыншот

1 кастрычніка ў Мінску затрыманы ўдзельнік аўтамаршаў Віктар Масько. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла яго сястра Алена.

"Сёння раніцай у бацькоўскую кватэру прыязджалі сілавікі, — распавядае суразмоўца. — Віця спаў і не чуў, што ў дзверы стукаюць. Тады яны з'ездзілі на дачу і прывезлі сюды нашу маму. Іх было чацвёра. Адзін з сілавікоў паказаў пратакол, пастанову аб ператрусе і пасведчанне, што ён з крымінальнага вышуку. Мама не паспела разгледзець прозвішча". 

Дзяўчына кажа, што ў пастанове было пазначана: кватэру абшукваюць у сувязі з падзеямі, якія адбываліся ў Мінску з 9 па 12 жніўня, і што ў ёй могуць захоўвацца выбуховыя рэчывы, наркотыкі, рэжучыя прадметы... Ператрус праходзіў больш за дзве гадзіны ў прысутнасці панятых — суседзяў зверху.  

"У кватэры 4 пакоі. Аглядалі цалкам спакойна. Лазілі па тумбачках, нічога не ламалі. Сказаць, што паводзілі сябе груба — не. Дадому нікога не пускалі. Мы спыталі, чаму? "Таму што я так сказаў", — адказаў адзін з іх", — працягвае Алена.

Пасля ператрусу госці папрасілі Віктара праехаць з імі ў Маскоўскае РУУС, паабяцалі, што ўвечары ён вернецца дадому. Разам з ім у пастарунак паехала яго маці.

З кватэры сілавікі вынеслі некалькі пакетаў рэчаў. Па словах Алены, частка з іх належыць бацькам, брат прапісаны па іншым адрасе і не мае да іх ніякага дачынення. Дзяўчыну папрасілі нікому не распавядаць, што канкрэтна забралі.

"Было выклікана падмацаванне. Мы спыталі, навошта, маўляў, тут акрамя нас толькі суседзі. Нам сказалі, што так усе кажуць, а ўнізе збіраецца натоўп. Прыехаў узброены АМАП, мы адкрылі, і яны дружным маршам пайшлі ўніз да машын".  

Віктару Масько 35 гадоў, працуе фатографам. Паводле слоў сястры, за ўвесь паслявыбарчы перыяд яму прыйшоў толькі адзін невялікі штраф за тое, што ён адной рукой вёў машыну, а ў іншай трымаў сцяг. Нічога такога пра тое, каб Віктара нехта шукаў ці яму нехта пагражаў, Алёна не чула.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.