Прыдворная спявачка Біла Клінтана Шэран Кларк наведала Мінск

Адна з лепшых джазавых вакалістак ЗША Шэран Кларк — выступіла перад мінскімі прыхільнікамі джазу. Летні сезон не багаты на падзеі ў музычным свеце, і прыхільнікі джазавай музыкі з вялікім захапленнем і цікаўнасцю паставіліся да гэтай імпрэзы — малая зала Палаца рэспублікі была цалкам запоўненая.



Паслухаць сумесны выступ улюбёных Apple Tea і вашынгтонскай спявачкі сабралася выключна інтэлігентная публіка. Яскравая, гарачая, з моцным шчырым голасам — такой убачылі Шэран Кларк беларускія гледачы.

Праграма, якую Шэран прывезла ў Мінск, была прысвечана творчасці знакамітай спявачкі Шырлі Хорн.




Канцэрт стаў чацвёртай па ліку імпрэзай ў межах праекту "Джазавы мост". Дзякуючы намаганням Інгі Бухвалавай і яе каманды беларусы ўжо змаглі паглядзець выступы Тэсы Сутэр, Нікаласа Бірда і нямецкага гурта First SkyFloor.


Звычайна перад такімі сумеснымі "міжакіяннымі" выступамі артысты дасылалі музыкантам Apple Tea ноты, каб тыя ў свой час змаглі спакойна падрыхтавацца. Шэран Кларк зрабіла па-свойму: яна даслала ў Беларусь толькі назвы кампазіцый і танальнасці, у якіх музыканты павінны былі іграць.


"А як жа рэпетыцыі?" — запыталіся ў спявачкі арганізатары.
"Гэта ж джаз! Таму ўсё народзіцца на сцэне". — адказала спявачка.




Прыкладам таму стала наступная кампазіцыя, у якой спявачку асабліва ўразіла сола саксафаніста Ігара Лютага і піяніста Косці Гарачага.

"It’s jazz! It’s jazz!" – паўтарала Шэран Кларк, пахвальна звяртаючыся да музыкантаў пад гучныя апладысменты залы.




За ёю пачалася гарачая і тэмпераментная кампазіцыя "Танга", пад якую спявачка запрасіла гледачоў патанчыць. На жаль, зала Палацу рэспублікі не прадугледжвае танцавальнай пляцоўкі, таму арганізатары імпрэзы паабяцалі наступным разам улічыць гэта пажаданне гледачоў.




Адзін вядомы джазавы музыкант неяк сказаў, што джаз — гэта найлепшы пасол Злучаных Штатаў. Бо гэта музыка выконваецца па ўсім свеце і разбурае перашкоды паміж людзьмі. Так адбылося на гэты раз і ў Мінску.




Як вынік, мінчукі паслухалі прыгожы канцэрт: мэтры беларускага джазу Apple Tea яшчэ раз даказалі, што могуць цудоўна гучаць і без папярэдніх рэпетыцый, парадавалі імправізацыямі. Шэран Кларк паказала магчымасці свайго сакавітага голасу з хрыпатцой.

Магчыма, для большасці гледачоў гэтага хапіла, і нават з лішкам. Але проста вакальных дадзеных "прыдворнай спявачкі Біла Клінтана", як часта называюць Шэран Кларк, мне падалося мала.

Бо ва ўмовах джазавага голаду ў Беларусі хочацца хаця б час ад часу адкрываць для сябе Амерыку. Для выпускніцы Berkeley Jazz School праграма, прадстаўленая ў Мінску, выглядала не больш, чым выступ на фінальным іспыце. А, пагадзіцеся, за гады вучобы ў Berkeley не магчыма нічога не вывучыць.


Інга Бухвалава і Шэрон Кларк



Зусім хутка восень, а з ёю і пачатак актыўнага канцэртнага жыцця Мінска. У прыватнасці ўжо на трэцім тыдні верасня праект "Джазавы мост" прадставіць новы канцэрт і зноў прывязе ў нашу сталіцу сусветна вядомую зорку джаза — у мінскім Доме афіцэраў выступіць Эл Фостэр са сваім квартэтам.














Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі