Вы тут

Прыбралі "НАФТАН": завод памяняў назву і састаў уласнікаў з-за санкцый ЗША

Наваполацкі завод СТАА "ЛЛК-НАФТАН" вырашыў змяніць назву, структуру уласнасці і пашырыць колькасць уладальнікаў, каб пазбегнуць санкцый ЗША.

Наваполацкі завод СТАА "ЛЛК-НАФТАН" — адзін з найбуйнейшых вытворцаў прысадак, дабавак у масла і паліва на постсавецкай прасторы — вясной 2021 года вырашыў змяніць назву, структуру ўласнасці і пашырыць колькасць уладальнікаў. З 17 траўня слова "НАФТАН" з назвы прадпрыемства знікла. Цяпер яно называецца ТАА "ЭддиТек".

Акрамя таго, у кампаніі з'явіўся новы ўласнік. Раней завод 50% на 50% належаў "Нафтану" і "Лукойлу". Цяпер трыма адсоткамі валодае Наваполацкі гарвыканкам. Іх узялі з долі "Нафтана".

Дырэктар прадпрыемства Андрэй Званцоў спачатку пракаментаваў перайменаванне кампаніі, але неўзабаве адклікаў свой каментар, спаслаўшыся на забарону з боку ўласнікаў. 

"ЛЛК-НАФТАН" (цяпер "ЭддиТек") называе сябе найбуйнейшым комплексным вытворцам прысадак на тэрыторыі краін былога СССР. У 2014 годзе кампанія была прызнаная "Найлепшым экспарцёрам" у намінацыі "Нафтаперапрацоўчая, хімічная і нафтахімічная прамысловасць з гадавым аб'ёмам экспарту звыш $25 млн". Каля 95% прадукцыі завода ідзе на экспарт.

Да 21 траўня прадпрыемства на 50% належала "Нафтану". Па сутнасці ў 2006 годзе частка перапрацоўчага комплексу, дзе вырабляліся прысадкі, была выдзелена ў асобную юрыдычную асобу, якой на парытэтнай аснове валодаў "Нафтан" і "Лукойл". Вытворца прысадак не можа адмовіцца ад супрацоўніцтва з нафтаперапрацоўчым заводам, паколькі ўсе асноўныя тэхпрацэсы напрамую з ім звязаныя. 

А доля ў 50% "Нафтана" ў гэтай вытворчасці магла падставіць кампанію пад санкцыі ЗША. І вывесці на іншых. Свае прысадкі "ЭддиТек" пастаўляе буйным расійскім вытворцам машынных масел "Лукойл", "Раснафта" і "Газпрамнафта". А таксама ва Украіну, Турцыю, Румынію, Фінляндыю, Бельгію, Нідэрланды, Сінгапур, ПАР, ААЭ, Славакію, Узбекістан, Латвію і Літву. Усяго каля 40 краін і 80 ключавых кампаній-партнёраў з СНД, Еўрасаюза, Блізкага Усходу, Азіі і Афрыкі. У найбольш цяжкай для Беларусі трактоўцы амерыканскіх санкцый трапіць пад іх рызыкавалі ўсе контрагенты беларускай кампаніі.

Хочаце дапамагчы незалежнай журналістыцы? Станьце падпісчыкам на Patreon

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.