Прэзідэнт Украіны сустрэў вызваленых з палону вайскоўцаў (фота, відэа)

Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка сустрэў самалёт Ваенна-паветраных сіл Украіны са 145 украінскімі вайскоўцамі, якія былі вызваленыя з палону.

Як паведамляе УНІАН са спасылкай на прэс-службу кіраўніка краіны, сустрэча адбылася на Васількаўскім ваенным аэрадроме сёння ўначы.

Пятро Парашэнка прывітаў вызваленых вайскоўцаў на ўкраінскай зямлі і выказаў сваю павагу іх подзвігу.

“У мяне, як у прэзідэнта, як у простага грамадзяніна, сэрца перапаўняецца радасцю за тое, што вы, як я і абяцаў, Новы год зможаце сустрэць з сем’ямі і баявымі пабрацімамі”, — сказаў прэзідэнт Украіны.

“Вас чакалі родныя, вас чакалі блізкія, вас чакалі баявыя таварышы. Нарэшце гэты дзень настаў. На жаль, пакуль не ўсе вярнуліся. Заўтра прыбываюць яшчэ чацвёра нашых братоў. Але мы будзем шукаць, і знаходзіць кожнага, і нікога не пакінем. Дзяржава будзе змагацца за кожнага свайго адданага сына”, — заявіў Парашэнка.

“Сёння нашу радасць падзяляюць тысячы і тысячы ўкраінцаў, і шчыра радуюцца, што нарэшце, пасля доўгіх дзён, тыдняў і месяцаў вы вярнуліся дадому, не зламаўшыся і не здрадзіўшы, моцна падтрымліваючы баявы дух, прадэманстраваўшы найлепшыя якасці ўкраінскага воіна”, — сказаў кіраўнік Украіны.

Вайскоўцы з розных падраздзяленняў Узброеных сіл Украіны і Нацыянальнай гвардыі, батальёну “Міратворац”, батальёну “Данбас”, іншых добраахвотніцкіх батальёнаў і некалькі валанцёраў , якія дапамагалі вайскоўцам, знаходзіліся ў палоне ад некалькіх тыдняў да некалькіх месяцаў.

Фота: president.gov.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі