Прэзідэнт Польшчы сустрэўся з лідэрамі СПБ

Прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі 13 сакавіка сустрэўся ў Варшаве са старшынёй не прызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў на Беларусі (СПБ) Анжалікай Борыс і актывістам аб'яднання Анджэем Пачобутам.
У інтэрв'ю БелаПАН А.Пачобут паведаміў, што кіраўніцтвам СПБ прынята рашэнне пакуль не абвяшчаць сутнасць перамоў з польскім прэзідэнтам.

"Мы вельмі ўдзячныя прэзідэнту Польшчы за падтрымку, — сказаў А.Пачобут. — Напярэдадні VII з'езда Саюза палякаў на Беларусі, што павінен адбыцца ў Гродне 14—15 сакавіка, склалася вельмі цяжкая сітуацыя. На дэлегатаў аказваецца велізарны ціск, людзям пагражаюць звальненнем з працы, калі яны возьмуць удзел у з'ездзе арганізацыі. Мы вырашылі пакуль не паведамляць падрабязнасці сустрэчы з прэзідэнтам Польшчы, каб яшчэ больш не "разгойдваць" сітуацыю. Разам з тым, мы заяўляем, што калі беларускія ўлады сарвуць з'езд, мы выйдзем на плошчу і правядзем акцыю пратэсту".

Паводле слоў актывіста, на з'ездзе плануюць прысутнічаць прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў Польшчы, польскіх сойма і сената, а таксама дэпутаты Еўрапарламента. Дэлегаты з'езда правядуць выбары кіраўніцтва СПБ і падвядуць вынікі дзейнасці арганізацыі за апошнія чатыры гады.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі