Прэзідэнт "Фонду дэмакратыі": Іскра Алексіевіч па-новаму асвеціць Беларусь

Прэзідэнт "Фонду дэмакратыі": Іскра Алексіевіч па-новаму асвеціць Беларусь

Прэзідэнт амерыканскага "Нацыянальнага фонду дэмакратыі" Карл Гершман ў сваім артыкуле выказаўся пра Святлану Алексіевіч і сітуацыю ў Беларусі.

Прэзідэнт "Фонду дэмакратыі": Іскра Алексіевіч па-новаму асвеціць Беларусь

"Нацыянальны фонд дэмакратыі" ― амерыканская арганізацыя, заснаваная ў 1983 годзе Кангрэсам ЗША для прасоўвання дэмакратыі. Сваёй місіяй фонд называе "спрыянне станаўленню і развіццю дэмакратыі і свабоды ва ўсім свеце". Фінансуецца Кангрэсам ЗША ў межах бюджэту агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID). Падае гранты даследчыкам у галіне "развіцця дэмакратыі і правоў чалавека" у тым ліку ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе.

"У чацвер Нобелеўскі камітэт перадасць прэмію па літаратуры Святлане Алексіевіч, пісьменніцы з Беларусі, якую часам называюць "апошняй дыктатурай Еўропы". У адрозненне ад большасці аўтараў, якія атрымлівалі гэтую прэмію, Алексіевіч не піша ні прозу, ні паэзію. Яе кнігі заснаваныя на размовах са звычайнымі людзьмі, якія гавораць ад свайго імя пра траўмы найноўшай гісторыі Беларусі, у тым ліку з Чарнобыльскай катастрофай, вайной у Афганістане і досведам існавання ў "скрыўленым часе" пры дыктатуры Аляксандра Лукашэнкі. Гэтыя "галасы ўтопіі", як яна іх называе, дакументальна фіксуюць "homo sovieticus’а", сведчаць пра свядомасць людзей, якія жывуць у, як яна гэта называе, "часе second-hand... старых, старых забабонаў".

Цэнтральная ідэя Алексіевіч палягае ў тым, што посткамуністычныя краіны, накшталт Беларусі — яна ўлучае сюды таксама Расію і Украіну — не стануць свабоднымі і дэмакратычнымі, калі народы гэтых краін не вызваляцца ад разбуральнай савецкай спадчыны, якая ўплывае нават на маладых людзей, якія ніколі не жылі пры камунізме. Адна справа прыбраць вонкавыя атрыбуты камунізму, кажа яна, "але зусім іншая — вырваць яго з сваёй душы".

Яе не пакідае надзея, бо людзі, чый балючы досвед яна запісала ў сваіх кнігах, выяўляюць "сілу чалавечага духу". Але яна ведае таксама, што пакуль калектыўная памяць пра даносы, гулагі, прымусовую калектывізацыю і перакручаную оруэлаўскую праўду не будзе пастаўленая пад пытанне, не стане прадметам дыскусій і вывучэння, постсавецкае жыццё будзе заставацца "сумессю турмы і дзіцячага садка".

Лукашэнка, архетыпічны "савецкі чалавек" робіць задачу такога праўдзівага разбору вельмі цяжкай. Ён быў абраны прэзідэнтам два дзесяцігоддзі таму дзякуючы абуджэнню настальгіі па савецкіх часах, ён карыстаецца дзяржаўным кантролем над усімі электроннымі СМІ і адукацыйнымі ўстановамі Беларусі, каб прасоўваць савецкую ідэалогію, асабліва па тэме Вялікай айчыннай вайны, як "рускі мір" называе Другую сусветную вайну.

Як цвердзіць гісторык Цімаці Снайдэр, ніводная краіна не зазнала ў вайну такога праліцця крыві i разбурэнняў, як Беларусь, "цэнтр канфрантацыі паміж нацысцкай Германіяй і Савецкім Саюзам". Адна пятая з дзесяцімільённага насельніцтва была забітая, яшчэ траціна была дэпартаваная ў якасці прымусовай працоўнай сілы, або ўцякла з краіны. Тым не менш, піша Снайдэр, рэжым зрабіў з гэтага разбуральнага канфлікту аб’ект настальгіі, "ператварыўшы попел ваенных пакутаў у золата палітычнай вартасці". Тэма вайны ўжываецца не толькі, каб уславіць гераізм савецкіх салдатаў, але і каб сцерці з памяці злачынствы сталінізму, на сумленні якога да 1,6 мільёна ахвяраў у Беларусі падчас Вялікай Чысткі 1937-1941.

Рэжым Лукашэнкі не адчувае сабе ніякай пагрозы, бо рэпрэсіі ў Беларусі спараджаюць страх і апатыю, і, як зазначае Алексіевіч, грамадства застаецца раз'яднанае і знявечанае. І ўсё ж пры гэтым яна верыць, што "з'яўляюцца новыя людзі з грамадзянскай смеласцю". Патэнцыйных прыхільнікаў пераменаў выяўляюць сацыялагічныя апытанні, паводле якіх палова насельніцтва адчувае, што краіна ідзе ў няправільным кірунку, а 84 працэнты хочуць рэформаў; іх можна бачыць і ў прадстаўніках грамадскіх рухаў, якія штогод арганізуюць мітынгі памяці ў Курапатах, месцы масавых пахаванняў ахвяраў чыстак.

Але невялікая дэмакратычная супольнасць у Беларусі застаецца адносна ізаляваная ад шырокіх масаў. Існуе раздробленая палітычная апазіцыя, якая мае стабільную электаральную базу парадку 25-30 працэнтаў, але не разглядаецца як рэальная альтэрнатыва Лукашэнку. Ёй трэба аб’яднацца, пашырыць базу сваіх прыхільнікаў на шырокія масы і запрапанаваць пераканаўчую канцэпцыю будучыні краіны. Алексіевіч таксама заклікае беларускіх інтэлектуалаў даць сябе пачуць і распачаць дыялог з моладдзю, каб дапамагчы ёй "пачаць засвойваць цяжкі досвед свабоды".

Злучаныя Штаты і Еўрапейскі Саюз могуць таксама дапамагчы, настойліва дамагаючыся рэальных і эканамічных пераменаў у Беларусі і вызначыўшы ясныя крытэрыі ацэнкі прагрэсу. Цяперашняя заходняя палітыка "малых крокаў" азначае адсутнасць цвёрдых патрабаванняў і чакання істотных вынікаў.

Гэта вынік умелага балансавання Лукашэнкі паміж Расіяй і Еўропай і прапановы правесці ў Мінску перамовы аб спыненні агню ва Украіне. Аднак эканамічныя цяжкасці Беларусі і яе занепакоенасць рэваншызмам Пуціна азначаюць, што ў Захаду ёсць свае інструменты ціску на Лукашэнку, якія ён бы мусіў ужыць.

Прызнанне Нобелеўскім камітэтам творчасці Святланы Алексіевіч дае нагоду глянуць свежым вокам на Беларусь. Беларускі драматург Андрэй Курэйчык кажа, што яна — "новы нацыянальны лідар", які мае "большы аўтарытэт, чым любы палітык". Алексіевіч — не палітык, але здабыла гонар для сваёй шматпакутнай краіны, а ўвага, якую прыцягнуць цяпер яе ідэі, магла б зрабіцца той іскрай, якая абудзіць Беларусь і дапаможа ёй знайсці сваё месца ў сучасным свеце".

 

Пераклад: "Радыё Свабода"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі