The Toobes прэзентуюць загалоўны сінгл з будучага альбома (слухаць)

Гурт The Toobes абвясціў, што рэліз іх трэцяга альбома адбудзецца 25 кастрычніка і прадставіў першы сінгл з яго. Песня называецца "Road to the Big Time", такую ж назву атрымаў і лонгплэй, які будзе складацца з 11 трэкаў.

Сінгл "Road to the Big Time" дапоўнены відэа з акустычнай версіяй песні.

"Па адчуваннях, гэта менавіта тая песня, якая адлюстроўвае канцэпцыю ўсяго альбома. Гэта песня пра саміх сябе, пра мастакоў, якія бесперапынна ствараюць, з задавальненнем вандруюць у творчым патоку. То бок, гэта шлях да поспеху, да якога мы ідзем. І сам працэс вельмі істотны для нас", — тлумачыць выбар трэка вакаліст гурта Стас Ламакін.

Па апісаннях Стаса, будучая пласцінка не будзе канцэптуальна адрознівацца ад папярэдніх прац The Toobes. Але, па яго словах, гэта будзе больш моцны і спелы дыск:


"На наш погляд, гэта нешта больш тлустае і дарослае, спелае, моцнае. Натуральна, мы эвалюцыянуем, і трэцяя кружэлка нашмат круцейшая, калі параўноўваць узровень ігры, свядомасці. Мы выраслі самі, як ні круці, і час прайшоў. Гэтай працай мы вельмі задаволеныя".

Музыкі працавалі над альбомам у перапынках паміж канцэртамі з саўнд-прадзюсарам ў Польшчы, але запісалі альбом у Беларусі, ў мінскай студыі Maple Tree.

Канцэртная прэзентацыя альбома "Road to the Big Time" адбудзецца 20 лістапада ў мінскім клубе Prime Hall ў межах сумеснага канцэрта The Toobes і Akute. Пасля гэтага кружэлка выйдзе на нямецкім лэйбле.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі