Песня The Toobes стала найлепшым хітом польскага радыё

Песня беларускага гурта The Toobes "Say hello to my baby" перамагла ў конкурсе "Радыёхіты-2015" ("Przebojem na antenę 2015"), які праходзіў у польскай Гайнаўцы. Конкурс цікавы тым, што кожная польская рэгіянальная радыёстанцыя прадстаўляе патэнцыйны хіт, які гучаў цягам года на яе хвалях, а рэдактары і музычныя журналісты гэтых радыё выбіраюць лепшы з іх.

Беларускае трыа, якое прадстаўляла на конкурсе Польскае радыё ў Беластоку, атрымала ўзнагароду ў 10 тысяч польскіх злотых ад рэгіянальнага прадстаўніцтва Польскага радыё.

Па словах музыкаў, у конкурсе ўдзельнічалі польскія гурты, аднак для The Toobes арганізатары зрабілі выключэнне. 
Конкурс праходзіў у онлайн-рэжыме 28 чэрвеня і трансляваўся на ўсю Польшчу. У ім удзельнічала 14 гуртоў. Выступ у Гайнаўцы стаў прычынай адмены сэта гурта на расійскім фэсце "Дзікая мята". А 26 чэрвеня The Toobes былі заўважаныя ў польскім мястэчку Каліш — каманда брала ўдзел у канцэрце пад назвай "Pod niebem Kalisza". 

Нагадаем, 21 сакавіка "Тубсы" сыгралі ў Мінску "перадсмяротны канцэрт". Праз некаторы час гітарыст The Toobes Канстанцін Пыжоў публічна аб'явіў пра свой сыход з гурта. Аднак нягледзячы на гэта гурт па-ранейшаму выступае.