Прэзентацыя на Еўрарадыё: Сінгл "Каханне" ад Tanin Jazz (слухаць)

Праект Tanin Jazz прэзентуе на Еўрарадыё новы сінгл "Каханне". Тэкст да музыкі Тані Гарошка напісаў паэт і музыка Андрусь Такінданг. Таня вельмі задаволеная калабарацыяй з Андрусём і абяцае ў хуткім часе яшчэ адну кампазіцыю на словы ўдзельніка гуртоў "Рэха" і Harotnіca.

"Мне падаецца, што гэта вельмі актуальная песня — у нас мала сонца ў Беларусі і мала ў прынцыпе пазітыўнай сонечнай музыкі. І я хацела падтрымаць менавіта адчуванне лета, спакою і звычайнага шчасця. Гэты трэк для мяне асалода ад прыроды, сонца, цяпла, я прагну гэтага, таму пішу пра гэта песні", — смяецца Таня Гарошка.

Дата выхаду беларускамоўнага альбома ад Tanin Jazz пакуль не вядомая. Пласцінка мусіла выйсці напрыканцы жніўня і называцца "Адліга". Таня кажа, што назва ў альбома будзе іншая. А калі ён выйдзе, музыка пакуль вырашае. Вядома, што на дыску Таня прадставіць трэкі на вершы актуальных беларускіх аўтараў:

"Гэта сучасная музыка, сучасныя тэксты, сучаснае бачанне, сучаснае адчуванне лірыкі ўвогуле. Мая музыка некалькі ўрбаністычная, таму і падыход да тэкстаў мусіць быць своеасаблівым. Мая задача паказаць сучасную беларускую мову — маладзёжную і гарадскую".

Нагадаем, беларускамоўны праект Тані Гарошкі — гэта танцавальнае адгалінаванне гурта Tanin Jazz. Падрабязнасці чытайце тут.