Вы тут

Прэс-сакратар БПЦ: мітрапаліт не забараняў катэгарычна выконваць "Магутны Божа"

Мітрапаліт Венямін / church.by

Прэс-сакратар Беларускай праваслаўнай царквы Сергій Лепін пракаментаваў нядаўню забарону мітрапаліта Веніяміна на выкананне гімна "Магутны Божа". 

14 кастрычніка кіраўнік БПЦ у Пакроўскай царкве Гродна заявіў, што не варта спяваць гімн "Магутны Божа", бо ён "падзяляе наша грамадства". Заява выклікала вялікі розгалас у Беларусі.

Па словах Лепіна, усе не так усё зразумелі. 

"Гэта была размова на канкрэтнай парафіі пра бягучыя справы—- парафіяльныя і епархіяльныя. Патрыяршы Экзарх не ставіў сваёй мэтай агучыць праграмную заяву на ўсю краіну, гаворка не ідзе пра катэгарычную забарону выконваць "Магутны Божа". Заўвага Уладыкі датычыла выканання гэтага гімна ў богаслужбовым кантэксце. Уладыка Веніямін звярнуў увагу, што часам настаяцелі пры выбары рэпертуару дадатковых спеваў, што выконваюцца на прыходзе, не ўлічваюць меркаванне ўсёй сваёй паствы. Пры гэтым некаторыя вернікі бачаць у гімне "Магутны Божа" негатыўныя палітычныя канатацыі, бо яго словы напісаныя ў 1943 годзе Наталляй Арсенневай — жонкай Францішка Кушаля, лідэра Беларускай краёвай абароны. Не жадаючы ўступаць у працяглыя спрэчкі па сутнасці тэксту, музыкі і абставінаў узнікнення гэтага твора, кіраўнік БПЦ акцэнтаваў увагу, што не варта выконваць "Магутны Божа" ў межах набажэнства і на прыходзе дзеля міру абшчын", — напісаў Лепін у Фэйсбуку. 

Дарэчы, ад пачатку 1990-х у Магілёве ладзіцца фэст духоўнай музыкі "Магутны Божа". У ім удзельнічаюць у тым ліку і праваслаўныя выканаўцы. Апошнім часам фэст, які быў штогадовым, сталі ладзіць раз на два гады. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.