Вы тут

Праз непагадзь у Беларусі без святла застаецца каля 500 населеных пунктаў

Віцебскія электрыкі аднаўляюць электразабеспячэнне / фота: "Белэнерга"​

Вечарам 30 снежня ў Беларусі заставаліся без святла 485 населеных пунктаў, паведамляе прэс-служба прадпрыемства "Белэнерга".

29 снежня ў Гомельскай, Віцебскай і Магілёўскай абласцях назіраліся неспрыяльныя ўмовы надвор'я. Праз магутныя парывы ветру, ледзяны дождж і галалёд на лініях электраперадач здараліся аварыі.

Энергетыкі заняліся іх ліквідацыяй і аднаўленнем электразабеспячэння ў той жа дзень, дадае прэс-служба. Асноўнымі прычынамі адключэнняў былі: абмаражэнне дратоў ЛЭП, павышаная ветравая нагрузка, падзенне галін і дрэў, пашкоджанне апор і абрывы дратоў ліній электраперадачы.

"Па стане на 17.00 30 снежня энергетыкамі Віцебскай і Магілёўскай вобласці праводзяцца работы па аднаўленні электразабеспячэння ў 485 населеных пунктах", — расказалі ў ведамстве.

Як адзначаюць у "Белэнерга", у 438 населеных пунктах пражывае менш за 50 жыхароў. А з пачатку сутак адноўленае электразабеспячэнне 330 населеных пунктаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.