Вы тут

Праваслаўныя вернікі Беларусі святкуюць Уваскрэсенне Хрыстова

church.by

Праваслаўныя вернікі Беларусі сёння святкуюць Уваскрэсенне Хрыстова або Вялікдзень. Гэта цэнтральнае свята ў хрысціянскім царкоўным календары, якое нагадвае пра цуд уваскрэсення Хрыста пасля смерці на крыжы. Вялікдзень застаецца сімвалам перамогі дабра, веры і любові і дае вернікам надзею на выкупленне грахоў.

Святкаванне пачалося ў суботу з асвячэння велікодных страваў — булак і яек. У ноч на нядзелю ў храмах адбыліся ўсяночныя набажэнствы, галоўнае з якіх прайшло ў Свята-Духавым кафедральным саборы ў Мінску.

У нядзелю ў храмах працягваюцца святочныя літургіі, да якіх могуць далучыцца вернікі.

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў праваслаўных вернікаў са святам Уваскрэсення Хрыстова. У віншаванні, тэкст якога публікуе прэс-служба прэзідэнта, гаворыцца пра тое, што вера заўсёды была і застаецца маральным стрыжнем беларусаў, невычэрпнай крыніцай натхнення на вялікія здзяйсненні на дабрабыт блізкіх, свайго народу і роднай краіны.

Лукашэнка пажадаў, каб светлыя святочныя дні сагравалі ўсіх цеплынёй дачыненняў з роднымі людзьмі, напаўнялі дамы радасцю, гармоніяй і шчасцем.