Вы тут

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі чатырох супрацоўнікаў "Нашай Нівы"

Андрэй Дынько, Ягор Марціновіч, Вольга Раковіч, Андрэй Скурко / калаж baj.by

Праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі чатырох затрыманых супрацоўнікаў "Нашай Нівы", паведамляе прэс-служба БАЖ.

Галоўны рэдактар "НН" Ягор Марціновіч, кіраўнік аддзела рэкламы і маркетынгу Андрэй Скурко, галоўная бухгалтарка Вольга Раковіч і галоўны рэдактар часопіса "Наша гісторыя" і дзіцячых часопісаў "Дуду", "Асцярожна: дзеці!" Андрэй Дынько былі затрыманыя 8 ліпеня 2021 года. У рэдакцыі і дома ў супрацоўнікаў адбыліся ператрусы. Сайт nn.by быў зачынены Міністэрствам інфармацыі на падставе паведамлення Генпракуратуры "ў сувязі з размяшчэннем інфармацыі, распаўсюджванне якой забаронена пунктам 1 артыкула 38 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб сродках масавай інфармацыі". 

Ператрусы і допыты праводзіліся паводле арт. 342 КК (арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх), арт. 293 КК (масавыя беспарадкі). 

Праваабаронцы расцэньваюць гэтыя дзеянні як працяг "мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне і працяг наступу на свабоду слова. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі заблакаваныя дзясяткі грамадска-палітычных сайтаў і сайтаў медыя, шэраг друкаваных выданняў вымушаныя былі спыніць выхад, журналісты і супрацоўнікі медыясектара Беларусі знаходзяцца ў зняволенні".

Яны лічаць, што затрыманні адбыліся па палітычных матывах. Праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць з-пад варты супрацоўнікаў "НН", адмовіцца ад выкарыстання метадаў крымінальнага пераследу як інструменту ціску на свабоду выказвання меркавання, неадкладна спыніць рэпрэсіі, а таксама вызваліць усіх палітычных зняволеных.

Пад заявай падпісаліся ГА “Беларуская ассацыяцыя журналістаў”, Беларускі ПЭН-цэнтр, праваабарончы цэнтр "Вясна" (зачынены ўладамі), "Ініцыятыва FORB", цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, РГА "Прававая ініцыятыва”, Беларускі дакументацыйны цэнтр, РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт", кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Х'юман канстанта", Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.