Праваабаронцы прызналі палітвязнямі 15 затрыманых супрацоўнікаў TUT.by

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі 15 затрыманых супрацоўнікаў TUT.by

Праваабаронцы Беларусі прызналі палітвязнямі 15 затрыманых супрацоўнікаў TUT.by, піша сайт "Вясна". Колькасць палітвязняў у краіне дасягнула 421 чалавек.

Ператрусы і затрыманні ў офсіе TUT.by і на кватэрах яго супрацоўнікаў адбыліся 18 траўня. Дзейнасць сайта была заблакаваная. Ператрусы прайшлі таксама ў рэдакцыях структурных падраздзяленняў TUT.by — av.by, rabota.by. На службовых асобаў ТАА "ТУТ БАЙ МЕДЫЯ" пачалі крымінальную справу за ўхіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры.

Праваабаронцы лічаць гэтыя дзеянні працягам наступу на свабоду слова. 

"Спасылкі ўладаў на эканамічныя парушэнні, якія нібыта сталі падставай для пераследу, ужо шмат гадоў актыўна выкарыстоўваюцца дзеля абгрунтавання рэпрэсіўных захадаў супраць праваабаронцаў, медыя, незалежных прафсаюзаў. У тым ліку ў мінулыя гады па палітычна матываваным абвінавачанні ва ўхіленні ад падаткаў у Беларусі былі прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці старшыня праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі, лідар незалежнага прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч, кіраўнік інфармацыйнага агенцтва "Белапан" Алесь Ліпай ды іншыя", — канстатуюць праваабаронцы.

Дзеянні ўладаў супраць самага буйнога і папулярнага ў краіне інфармацыйнага партала праваабаронцы ацэньваюць як мэтанакіраваную палітыку па абмежаванні непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне. 

Праваабаронцы лічаць палітвязнямі наступных затрыманых супрацоўнікаў партала: 

генеральная дырэктарка Людміла Чэкіна;

галоўная рэдактарка Марына Золатава;

рэдактарка Вольга Лойка;

намесніца дырэктара Ірына Рыбалка;

журналістка Алена Талкачова;

галоўная бухгалтарка Анжэла Асад;

намесніца галоўнай бухгалтаркі Марыя Новік;

галоўная інжынерка Ала Лапатко;

намеснік генеральнага дырэктара ў тэхнічных пытаннях Аляксандр Дайнека;

менеджар Андрэй Аўдзееў;

дыректар Hoster.by Сяргей Павалішаў;

дырэктарка Rocket Data, Tam.by Дар'я Данілава

Юлія Чарняўская, удава Юрыя Зісера — заснавальніка TUT.by (пад хатнім арыштам);

Кацярына Ткачэнка — юрыстка TUT.by (пад хатнім арыштам);

Ірына Касцючэнка — былая юрыстка TUT.by (пад хатнім арыштам).

Праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць пералічаных, а таксама ўсіх астатніх палітычных вязняў. Яны заклікаюць улады адмовіцца ад крымінальнага пераследу як інструменту ціску на свабоду выказвання меркавання і неадкладна спыніць рэпрэсіі.

Пад заявай падпісаліся праваабарончы цэнтр "Вясна" (зачынены ўладамі), Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі ПЭН-цэнтр, РГА "Прававая ініцыятыва”, цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Х'юман канстанта", простае таварыства "Ініцыятыва FORB", Беларускі дакументацыйны цэнтр.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі