Праваабаронцы патрабуюць правесці расследаванне па смерці беларускага палітвязня

Вадзім Храсько

Вадзім Храсько / Праваабарончы цэнтр "Вясна"

Праваабаронцы патрабуюць правесці расследаванне абставін смерці беларускага палітвязня Вадзіма Храсько. Ён памёр у ноч з 8 на 9 студзеня 2024 года ў калоніі "Віцьба". Храсько было 50 гадоў. За кратамі ён захварэў на пнеўманію. Калі яго прывезлі ў бальніцу, лекары палітвязня ўжо не змаглі выратаваць.

Прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці не выключаюць, што смерць Вадзіма Храсько "магла быць выкліканая несвоечасовым аказаннем яму належнай медыцынскай дапамогі". Яны нагадваюць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі аб міжнародных абавязальніцтвах у галіне правоў чалавека. Праваабаронцы заклікаюць Генпракуратуру і Следчы камітэт РБ распачаць крымінальную справу, "правесці аб'ектыўнае і ўсебаковае расследаванне для ўстанаўлення прычын гэтай трагедыі і праінфармаваць грамадскасць аб яго выніках". Яны патрабуюць таксама праінфармаваць грамадскасць аб выніках расследавання смерцяў іншых палітвязняў у беларускіх турмах — Вітольда Ашурка, Мікалая Клімовіча і Алеся Пушкіна.

У заяве змешчана і патрабаванне "забяспечыць належную медыцынскую дапамогу ў месцах пазбаўлення волі, у тым ліку наяўнасць кваліфікаванага медыцынскага персаналу і адпаведнага абсталявання". "Мы таксама заклікаем беларускіх суддзяў у час прызначэння пакарання ўлічваць стан здароўя абвінавачаных і не прызначаць ім пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, калі таго патрабуюць абставіны", — пішуць праваабаронцы.

Вадзім Храсько быў асуджаны ў жніўні 2023 года за некалькі данатаў. Суддзя Сяргей Хрыпач прызначыў яму тры гады калоніі, нягледзячы на сур'ёзнае захворванне абвінавачанага. У кастрычніку Вярхоўны суд, разгледзеўшы апеляцыю, пакінуў прысуд у сіле.

Праваабаронцы патрабуюць правесці расследаванне па смерці беларускага палітвязня
Партрэт Вадзіма Храсько / alena.talstaya.1

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі