Праваабаронцы: 1 снежня па ўсёй Беларусі адбываюцца ператрусы

Праваабаронцы: 1 снежня па ўсёй Беларусі адбываюцца ператрусы

1 снежня па ўсёй Беларусі адбываюцца ператрусы. У яшчэ няпоўным спісе згадваюцца Мінск, Гомель, Гродна, Брэст, Магілёў, Віцебск, Крычаў, Рэчыца, Мазыр, паведамляюць праваабаронцы. Ім вядома пра ператрусы ў мазырскага праваабаронцы Уладзіміра Целепуна, у Уладзіміра Кійко і Мікалая Качурца, актывістаў з Віцебска, у крычаўскага журналіста Сяргея Няроўнага. У Гомелі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў завіталі да журналісткі Ларысы Шчыраковай, забралі тэлефон, фота і відэа абсталяванне, накапляльнікі інфармацыі, а пасля ператрусу завезлі яе на допыт. Адбыўся ператрус у Гомелі ў палітыка Васіля Палякова. Шчыракова і Палякоў на волі.

Раніцай 1 снежня прайшоў ператрус у гродзенскай журналісткі Надзеі Віцінай. Яе затрымалі як сведку "па нейкай справе, у якім фігуруе яе асабістая перапіска", але пасля вызвалілі. У Брэсце міліцыянеры прыйшлі да Алены Жушма, Вольгі Малайчык і Алены Гнаўк.

Вядома пра ператрус у рэчыцкага актывіста Алега Карбалевіча. Забралі камп'ютар, а яго павезлі ў РАУС.

У Віцебску затрымлівалі былога палітвязня Міхаіла Жамчужнага, у якога на 1 снежня быў прызначаны суд з нагоды зменаў патрабаванняў прэвентыўнага нагляду. Паводле яго слоў, сілавікі шукаюць "арганізатараў і фінансістаў пратэстаў". У Магілёве прайшоў ператрус у праваабаронцы Барыса Бухеля, яго забіралі на допыт.

Ад 7-й гадзіны раніцы праходзяць масавыя ператрусы ў Мінску. Вядома пра мінімум 10 выпадкаў.

Ператрусы праходзяць у Беларусі практычна штодня, але звычайна не так масава. З чым звязана актывізацыя сілавікоў, пакуль невядома.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі