Праваабаронца распавёў Еўрапарламенту пра назіранне за беларускімі выбарамі

Праваабаронца распавёў Еўрапарламенту пра назіранне за беларускімі выбарамі

Пра вынікі назірання за парламенцкімі выбарамі праваабаронцы Беларусі распавялі на сустрэчах у Еўрапарламенце. Юрыст зачыненага ўладамі праваабарончага цэнтра “Вясна”, аналітык кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Валянцін Стэфановіч і прадстаўніца Беларускай асацыяцыі журналістаў Вольга Сяховіч наведалі Брусель 20-21 лістапада, піша сайт "Вясна". 

Беларускія назіральнікі сустрэліся з новай групай Еўрапарламента, якая працуе па Беларусі (пасля нядаўніх выбараў склад Еўрапарламента моцна змяніўся). Таксама яны далі брыфінг для дэлегацый краін Еўрасаюза ў прадстаўніцтве амбасады Швецыі. На брыфінгу прысутнічалі дэлегаты ад 15 краін.

Па словах Стэфановіча, ён акцэнтаваў увагу на высновах, да якіх прыйшлі назіральнікі за парламенцкімі выбарамі. "Спыніўся на тых высновах, да якіх мы прыйшлі: пра тое, што выбары не адпавядалі міжнародным стандартам свабодных і дэмакратычных выбараў і што ўсе тыя сістэматычныя праблемы ў нашым выбарчым заканадаўстве і выбарчым працэсе, якія існавалі дагэтуль, на жаль, засталіся. Гэта і неплюралістычнасць выбарчых камісій усіх узроўняў, і датэрміновае галасаванне, і непразрысты падлік галасоў. Увогуле ўсе тыя рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ, якія дагэтуль не былі імплементаваныя, па-ранейшаму застаюцца актуальнымі", — пералічыў ён. 

Праваабаронца нагадаў, што ў 2020 годзе ў Беларусі пройдуць прэзідэнцкія выбары. Наўрад ці яны зменяцца ў параўнанні з парламенцкімі. На думку праваабаронцаў "Вясны", вельмі важна, каб Еўрасаюз даў афіцыйнаму Мінску ясны сігнал, што не прымае ніякія палітычныя рэпрэсіі супраць палітычнай апазіцыі, праваабаронцаў, журналістаў. Беларускія ўлады павінны ведаць, што ёсць пэўная чырвоная лінія, якую яны не мусяць пераступаць, упэўнены Стэфановіч.

Ён заклікаў працягваць менавіта дыялог Еўрасаюза з Беларуссю: весці перамовы не толькі ў эканамічнай сферы, але не забывацца аб правах чалавека і дэмакратыі. 

Выбары ў Палату прадстаўнікоў прайшлі ў Беларусі 17 лістапада. Ні місія АБСЕ, ні знешнепалітычная служба Еўрасаюза не прызналі іх адпаведнымі міжнародным стандартам. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі