Вы тут

Праваабаронца: па ўзроўні гвалту ўлады Беларусі перавысілі Германію 1933-га

Затрыманні ў Мінску, 11 кастрычніка 2020-га / BelaPAN via REUTERS

Па ўзроўні гвалту ўлады Беларусі перавысілі Германію 1933 года "ў два разы". Такую заяву зрабіў кіраўнік юрыдычнай камісіі праваабарончага грамадскага аб'яднання "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" Гары Паганяйла. 16 кастрычніка ён выступіў у Еўрапарламенце падчас абмеркавання сітуацыі ў нашай краіне, перадае БелаПАН.

"Улада разарвала дамову паміж грамадствам і дзяржавай, яна не забяспечвае захаванне правоў грамадзян, але пры гэтым дадзеная поўная свабода сілавым структурам, — гаварыў Паганяйла. — У спробах утрымаць уладу ўрад ідзе на самыя жорсткія і злачынныя метады барацьбы з іншадумствам".

Праваабаронца падкрэсліў, што супраць пратэстоўцаў за два месяцы распачата 400 крымінальных спраў. А па фактах прымянення гвалту сілавікамі — ніводнай.

"У гэтай сітуацыі мы вымушаныя прасіць Еўрапарламент і ўсе структуры ЕС прадумаць і прыняць адпаведную пастанову аб пошуку і прымяненні юрыдычных інструментаў, якімі мы маглі б скарыстацца, каб прыцягнуць да крымінальнай адказнасці як індывідуальна супрацоўнікаў сілавых структур, так і арганізацыі", — заявіў прадстаўнік БХК.

Слуханні ў Еўрапарламенце былі арганізаваныя камітэтам ЕП па замежных справах і падкамітэтам па правах чалавека сумесна з дэлегацыяй па сувязях з Беларуссю, а таксама Парламенцкай асамблеяй Усходняга партнёрства (Еўранест).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.