Вы тут

Праўладны ТГ-канал пацвердзіў, што экс-кіраўнік ГУБАЗіКа страляў у падлетка

Каля "Каскада" / кадры з праўладнага тэлеграм-канала

Былы кіраўнік ГУБАЗіКа Андрэй Паршын сапраўды мае дачыненне да бойкі і страляніны каля жылога комплекса "Каскад". Пацвярджэнне гэтага з'явілася ў адным з праўладных тэлеграм-каналаў. 

Гаворыцца, што на Паршына каля пад'езда напаў малады чалавек, якога клічуць Яўгенам. Узрост хлопца не называецца, але падкрэсліваецца, што ён выглядае нашмат старэйшым за свае гады (раней відавочцы казалі, што ў бойцы ўдзельнічалі непаўналетнія). Па версіі тэлеграм-канала, з Яўгенам былі пяцёра яго сяброў, якія "бясчынствавалі каля пад'езда" і "агрэсіўна рэагавалі на заўвагі". У самога хлопца, нібыта, пры сабе быў ланцуг (якая менавіта, не ўдакладняецца).

Праўладны ТГ-канал прызнае, што Паршын сапраўды стрэліў у юнака з траўматычнага пісталета. Гэта нібыта адбылося пасля таго, як хлопец "паспрабаваў забраць зброю". Гаворыцца, што рана была ў мяккія тканкі і неглыбокая, здароўю Яўгена, маўляў, нічога не пагражае.

Інфармацыя пра страляніну ў "Каскадзе" з'явілася ў недзяржаўных СМІ 23 чэрвеня. Відавочцы казалі, што бойка была каля 19-й гадзіны, прыязджала хуткая дапамога, падлеткаў забрала міліцыя. Гаварылася, што адзін з іх быў паранены, як мяркуецца, у нагу. Крыху пазней з'явілася інфармацыя, што да страляніны мае дачыненне былы начальнік ГУБАЗіКа Андрэй Паршын, які цяпер узначальвае Дэпартамент забеспячэння аператыўна-вышуковай дзейнасці ведамства. Сам Паршын адмовіўся каментаваць інцыдэнт, калі да яго звярнуліся журналісты недзяржаўных СМІ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.