“Пратэсты каля Вярхоўнай Рады здымаюцца для “карцінкі” расійскага ТБ”

У Кіеве ў аўторак ізноў былі сутычкі з праваахоўнікамі, а ў бок Вярхоўнай Рады ляцелі камяні і дымавыя шашкі, у будынку білі шкло ў вокнах. Паводле інфармацыі ўкраінскіх СМІ, пратэстоўцы не агучвалі ніякіх палітычных ці эканамічных патрабаванняў і адмаўляліся адказваць, якія сілы ці структуры яны прадстаўляюць.

Тым не менш вядома, што сутычкі ля сцен украінскага парламента пачаліся пасля таго, як Вярхоўная Рада не змагла ўнесці ў парадак дня праект закона аб прызнанні воінаў АУН УПА бокам, што ваяваў у Другой сусветнай вайне. Але ці на самай справе гэта справакавала супрацьстаянне?

Ваенны аналітык, рэдактар сайта “Цэнзар.нэт” Юрый Бутусаў раіць не ўспрымаць сённяшнія падзеі ў Кіеве занадта сур’ёзна. Нягледзячы на рашучасць пратэстоўцаў і падазроную адсутнасць у іх уцямных патрабаванняў.

Юрый Бутусаў: “Нейкія правакатары пачынаюць нагнятаць… Прычым гэта ўжо не першы раз. Што адрознівае сённяшнія падзеі — стральба карцеччу па вокнах. Гэта новае. А да гэтага неаднаразова былі нейкія неадэкватныя, неўраўнаважаныя натоўпы, я такія некалькі разоў бачыў пад Радай за апошнія паўгода. Неканструктыўныя. Але на гэта трэба проста правільна рэагаваць, вось і ўсё”.

                                          Юрый Бутусаў 

Нягледзячы на тое, што невядома, якія палітычныя ці іншыя сілы прадстаўляюць пратэстоўцы, ніякага дэстабілізацыйнага ўплыву на сітуацыю ў краіне гэтыя падзеі мець не будуць, упэўнены Юрый Бутусаў. А магчыма, і наадварот…

Юрый Бутусаў: “Ёсць праблемы ў дзяржаве, і гэтыя праблемы носяць сістэмны характар. Яны праяўляюцца па-рознаму ў розных абставінах — у тым ліку і такім шляхам. Але значна большы ўплыў на палітычную сітуацыю маюць сённяшнія рашэнні Рады. А ў нас Вярхоўная Рада дзякуючы такому ўціску вельмі эфектыўна працуе. Сёння быў прыняты цэлы пакет такіх стратэгічных рашэнняў, якія з’яўляюцца для Украіны і постсавецкіх краін проста рэвалюцыйнымі”.

Суразмоўца Еўрарадыё не выключае, што ініцыятарамі супрацьстаяння маглі быць як і прадстаўнікі мясцовых “груп уплыву”, так і знешнія “гульцы”. Сцэнарыі дэстабілізацыі сітуацыі ва Украіне пішуцца ў Расіі, сцвярджае Бутусаў. І яшчэ раз супакойвае: пра пачатак трэцяга Майдана размовы ў любым выпадку быць не можа.

З такім меркаваннем цалкам згодны і ўкраінскі палітолаг Віталь Портнікаў.

Віталь Портнікаў: “Сама тэхналогія Майдана як з’явы ў тым, што людзі масава выходзяць на вуліцы, а ўлада да іх не прыслухоўваецца. Але ва Украіне сёння няма ні першай, ні другой умовы. Больш за тое, нават калі першая ўмова будзе выкананая, то ўлада будзе размаўляць з людзьмі, адказваць на іх патрабаванні, прымаць нейкія рашэнні. Не таму нават, што яна такая добрая, а таму, што яна слабая. Таму ўсе гэтыя размовы пра трэці Майдан — іх тыражуюць расійскія СМІ. Бо яны ўвогуле не разумеюць, што такое Майдан!”

                          Віталь Портнікаў

А сённяшнія падзеі ля парламента — не больш чым адмысловая карцінка для расійскіх СМІ на гадавіну Украінскай арміі паўстанцаў, упэўнены палітолаг.

Віталь Портнікаў: “Небяспека можа быць, калі такія пратэсты робяцца масавымі. А калі яны здымаюцца для “карцінкі”расійскага тэлебачання, гэта не небяспека. Ну, пакажуць яны сёння, што ў дзень гадавіны АУН УПА, злачынцаў, якія стралялі ў савецкіх салдат, невядомыя пратэставалі ля ўкраінскага парламента. Гэта хутчэй такі інфармацыйны план, да якога мы з вамі не маем ніякага дачынення”.

Па словах Антона Герашчанкі, дарадцы міністра МУС Украіны Арсена Авакава, у аўторак у сутычках ля Вярхоўнай Рады пацярпелі каля 15 супрацоўнікаў міліцыі і былі затрыманыя 50 “удзельнікаў правакацый”. Герашчанка таксама не выключае прысутнасці “рукі Масквы” ў супрацьстаянні ля Вярхоўнай Рады. 

Фота: http://www.pravda.com.ua, з архіва Юрыя Бутусава, Віталя Портнікава, Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі