Вы тут

Праграму для выяўлення дзіцячай парнаграфіі пераклалі на беларускую мову

Ілюстратыўнае фота з адкрытых крыніцаў

Праграму, прызначаную для выяўлення дзіцячай парнаграфіі, пераклалі на беларускую мову. Пра гэта хадайнічала Міністэрства ўнутраных справаў — яно цяпер актыўна ўкараняе праграмнае забеспячэнне, распрацаванае Цэнтрам пошуку дзяцей ЗША, якія зніклі і незаконна эксплуатуюцца. ПЗ збірае інфармацыю з файлаабменных сетак, каб выявіць распаўсюднікаў і калекцыянераў парнаграфіі.

Як піша sb.by са спасылкай на начальніка аддзела па супрацьдзеянні міждзяржаўнаму гандлю людзьмі галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Дзмітрыя Цаюна, праграмным прадуктам карыстаюцца ў 77 краінах свету. Сістэма дапамагае вылічыць тых, хто распаўсюджвае выявы з элементамі дзіцячай парнаграфіі ў розных “файлаабменніках”.

Цаюн распавёў, што замежныя калегі пайшлі насустрач беларускім праваахоўнікам, і цяпер да трох моваў дадалася яшчэ і беларуская.

Праграма дазваляе адсочваць усе IP-адрасы, дзе можа захоўвацца дзіцячая парнаграфія. Інфармацыя падаецца ў выглядзе інтэрактыўнай карты, на якой бачныя пункты мясцовасці, дзе, магчыма, у гэты момант пампуюць або распаўсюджваюць забаронены кантэнт.