Вы тут

Праект "Універсітэт без студэнтаў"? Якія парушэнні Мінадукацыі знайшло ў МІУ

11 лістапада ў МІУ пачаўся страйк студэнтаў / Марыя Вайтовіч, Еўрарадыё​

Міністэрства адукацыі не прадоўжыла акрэдытацыю прыватнаму Мінскаму інавацыйнаму ўніверсітэту па пяці спецыяльнасцях. Працягваць вучыцца змогуць не больш за 15% студэнтаў, што фактычна азначае закрыццё ВНУ. На знак пратэсту студэнты МІУ зладзілі страйк, чаго ў Беларусі не здаралася з 2004 года, калі закрывалі ЕГУ.

Дэкан МІУ Аляксей Патоцкі расказаў Еўрарадыё, як праходзіла праверка камісіі Дэпартамента кантролю якасці адукацыі, што напісана на 120 старонках выніковага заключэння Мінадукацыі і чаму камісія здаецца яму кімсьці ангажаванай.

У сваю чаргу ў Міністэрстве адукацыі заклікаюць не шукаць у гісторыі з МІУ вырашэння асабістых праблем.

Зварот рэктара МІУ Мікалая Сушы да студэнтаў у дзень пачатка страйку

Дэкан: прэсінг пачаўся паўгода таму, але студэнты пацвердзілі веды на камісіі

Дэкан кажа, што прэсінг з боку Мінадукацыі пачаўся ў апошнія паўгода. Вясной ад МІУ спачатку запатрабавалі спыніць навучанне студэнтаў, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі (у ВНУ ёсць такі праект), але потым перадумалі. А летам ва ўніверсітэце праходзілі міністэрскія праверкі.

Дэкан МІУ Аляксей Патоцкі / Марыя Вайтовіч, Еўрарадыё

"Акрэдытацыя на адпаведнасць заяўленаму віду ВНУ і па спецыяльнасцях падрыхтоўкі студэнтаў і магістрантаў пачалася 14 кастрычніка, — кажа Патоцкі. — Студэнты прайшлі комплексную кантрольную работу — неабходную падчас акрэдытацыі працэдуру".

Каб прайсці акрэдытацыю, студэнты павінныя былі адказаць правільна на не менш чым 60% пытанняў. Па словах дэкана, па спецыяльнасці "Правазнаўства" яны набралі 91%, па "Псіхалогіі" — 82%, па "Эканоміцы" — 75%, па "Сучасных замежных мовах" — 74%, па "Дызайне" — 85%.

Мінскі інавацыйны ўніверсітэт / Марыя Вайтовіч, Еўрарадыё

Пасля гэтага камісія падоўжыла тэрмін праверкі на тыдзень. Завяршылася яна 24 кастрычніка, а заключэнне на 120 старонках кіраўніцтва МІУ атрымала 5 лістапада.

У заключэнні, па словах дэкана, гаворыцца, што грубых парушэнняў заканадаўства аб ліцэнзаванні, патрабаванняў і ўмоў пры ажыццяўленні адукацыйнай дзейнасці ва ўніверсітэце не выяўлена. Камісія рэкамендуе акрэдытаваць спецыяльнасці "Дызайн", "Сучасныя замежныя мовы" і ўсе спецыяльнасці магістратуры і адмовіць у пацверджанні дзяржакрэдытацыі па спецыяльнасцях "Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве", "Транспартная лагістыка", "Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій", "Правазнаўства", "Псіхалогія".

"Сам тэкст дакумента не ўтрымлівае тлумачэнняў і ўказанняў, чаму гэтыя спецыяльнасці не могуць быць акрэдытаваныя, — кажа Патоцкі. — Выразных нейкіх аргументаў няма. На спецыяльнасцях, якія атрымалі акрэдытацыю, вучыцца 120 студэнтаў і 60 магістрантаў. З такой колькасцю навучэнцаў ВНУ проста не зможа існаваць [цяпер у МІУ 700 студэнтаў на дзённай форме навучання і 965 завочнікаў. — Еўрарадыё]. Па-мойму, Дэпартамент кантролю якасці адукацыі або Міністэрства адукацыі вырашылі правесці дзіўны сацыяльны эксперымент: "Універсітэт без студэнтаў".

Цяпер студэнтам неакрэдытаваных спецыяльнасцяў прапануюць пераводзіцца ў іншыя ВНУ і здаваць акадэмічную розніцу, хоць два тыдні таму яны даказалі свае веды падчас праходжання камісіі.
 

Мінадукацыі незадаволенае электроннымі залікоўкамі і падручнікамі?

Па словах Патоцкага, камісію не задавальняе, што студэнты карыстаюцца электроннымі заліковымі кніжкамі, а ў бібліятэцы не хапае папяровых падручнікаў. Але студэнты МІУ ў асноўным вучацца па электронных падручніках, якіх, па словах саміх навучэнцаў, ім цалкам хапае.

Дазвол на выкарыстанне электроннай заліковай кніжкі / 2012 год

"Да мяне прыходзяць студэнты і бацькі, пытаюцца, чаму спецыяльнасць "Сучасныя замежныя мовы" могуць акрэдытаваць, а ўмоўнае "Правазнаўства" — не. Я не змог знайсці адказ у гэтых 120 старонках дакумента", — разводзіць рукамі дэкан.

Патоцкі мяркуе, што форма выкладання ў МІУ можа не задавальняць асобна ўзятых чыноўнікаў.

"Я выказваю суб'ектыўнае меркаванне, але, напэўна, праца камісіі першапачаткова была кімсьці ангажаваная, — кажа дэкан. — Магчыма, заключэнне на 120 старонак было гатовае і раней. Я хоць і з'яўляюся хрысціянінам, але цяпер не бачу прычын падстаўляць другую шчаку. Таму што робіцца несправядлівасць, закладнікамі якой становяцца студэнты і людзі, што добрасумленна выконваюць сваю працу. Мы вырашылі падаваць апеляцыю".

Студэнцкая забастоўка ў МІУ

Мінадукацыі: не трэба шукаць ніякай падаплёкі ў гісторыі з МІУ 

У Міністэрстве адукацыі студэнтаў супакойваюць: акрэдытацыю атрымаць можна, калі ўніверсітэт выправяць парушэнні, заўважаныя камісіяй.

"У гэтай гісторыі не трэба шукаць ніякай падаплёкі, вырашэння асабістых праблем, — кажа Еўрарадыё прэс-сакратар Мінадукацыі Людміла Высоцкая. — Мы будзем дзейнічаць у абсалютна прававой плоскасці. Калі ў ВНУ выправяць усе парушэнні, прэтэнзій не будзе. Я не думаю, што адсутнасць кніг у бібліятэцы — асноўнае з іх. Неабходна выправіць навучальныя планы... Там вельмі шмат іншых, у тым ліку грубых, парушэнняў".

У паведамленні прэс-службы Мінадукацыі, размешчаным 11 лістапада на сайце міністэрства, пералічаныя наступныя парушэнні ў МІУ: неадпаведнасць патрабаванням стандартаў тэрміну атрымання вышэйшай адукацыі ў завочнай форме; парушэнні ў арганізацыі навучальнага працэсу і бягучай атэстацыі студэнтаў і слухачоў; неадпаведнасць патрабаванням шэрагу структурных падраздзяленняў універсітэта; колькасць выдадзеных пасведчанняў аб павышэнні кваліфікацыі перавышае колькасць слухачоў, якія засвоілі адукацыйныя праграмы павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў; адсутнасць навучальных праграм па шэрагу прадметаў.