Прадстаўнікі ўладаў сустрэліся з жыхарамі вуліцы Маркса ў Мінску

У Мінску жыхары вуліцы Карла Маркса правялі сход, пратэстуючы супраць іх высялення. Нагадаем, згодна з гарадскімі планамі, гэтая вуліца стане пешаходнай. У дамах № 7, 9, 19, 21 размесцяцца трохзоркавая гасцініца, казіно, гандлёвы цэнтр. Дом 21а знясуць, а на ягоным месцы зробяць стаянку. Акрамя вуліцы Маркса пад высяленне трапіў і дом №17 па Валадарскага. Усяго павінна быць выселена больш за 80 кватэр. Узамен жыльцам прапанавалі кватэры з такім самым метражом, але ў спальных раёнах Мінска.
Абураныя жыхары сабраліся сёння ў двары дома №17. З месца падзей перадае наша карэспандэнтка Віталіна Грахоўская.

“Перад жыхарамі выступіў намеснік кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна Аляксандр Красуцкі. Прысутнічаў таксама галоўны архітэктар гэтага праекту і галоўны інжынер. Яны заявілі, што праект пакуль што на разглядзе і канкрэтныя дзеянні пакуль прымацца не будуць”.

Адказваючы на пытанні жыльцоў, Красуцкі паведаміў, што ініцыятарам праекту з’яўляецца непасрэдна адміністрацыя Ленінскага раёна.

Удзельнікі сходу, сярод якіх і вядомы пісьменнік Уладзімір Арлоў, а таксама прадстаўнікі раённай адміністрацыі дамовіліся сустрэцца ў сераду ў актавай зале школы №4 з тым, каб абмеркаваць праект больш дэталёва.

Тым часам жыльцы распачалі збор подпісаў пад заявай у пракуратуру, Адміністрацыю прэзідэнта і іншыя інстанцыі з патрабаваннем не дапускаць высялення.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі