Прадпрымальнікі: Забастоўка на ўвесь люты! (фота)

Сам міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў 21 студзеня разганяў акцыю пратэсту прадпрымальнікаў, якія апоўдні сабраліся на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску, каб у чарговы раз выказаць сваё “Не!” антыгуманнаму, як яны кажуць, указу № 760.
Учорашняя акцыя разганялася актыўна, а збіраліся 2 тысячы пратэстоўцаў павольна. І пакуль не выявіліся лідэры, асобныя пацярпелыя ад новаўвядзенняў выказвалі свае абурэнні:



Таццяна:
Я прадпрымальнік, і лічу, што ні ў адной краіне свету няма такога, каб людзі стаялі і прасілі сабе працу. Мы не можам працаваць з 760 указам.

К.З.: Якім чынам на сённяшні дзень абмежаваная Вашая праца?
Таццяна: У мяне абмежаванні па найме людзей. Вось, дапусцім, у мяне няма сваякоў, якія могуць стаць працаваць у мае тры гандлёвыя кропкі, таму я не магу працаваць.

К.З.: А ці падлічвалі Вы страты, якія панеслі з моманту набыцця моцы гэтым указам?
Таццяна: Так, 700 долараў з 1 студзеня.



Уладзімір, прадпрымальнік з Мінску: Рознічны гандаль, які ажыццяўляюць у памяшканні да 14 квадратных метраў, плаціць 112 еўра падаткаў у месяц, калі памяшканне большае за 14 метраў – плюс 20 %, гандляры бытавой тэхнікі плацяць ўдвая больш - гэта ўсё так званы адзіны падатак. А яшчэ ёсць фіксаваная стаўка НДС, яна складае 150 еўра для звыклых рэчаў, 300 еўра – для бытавой тэхнікі. Гэта тое, што вы, як прадпрымальнік павінныя заплаціць дакладна, незалежна ад аб’ёмаў продажаў.

К.З. Асабіста Вы плацілі гэтыя падаткі ў студзені?

Уладзімір: Так. А ўсё чаму? Таму што павінная была быць забастоўка з нявыплатай падаткаў, але ўлада ўсё так паставіла, што сустрэча ўладаў з прадпрымальнікамі была прызначаная на 28-га, і яны павінныя былі даць адказ да 28-га чысла. Адказу яны не далі, замест гэтага яны пасадзілі ўсіх, хто вёў перамовы. А калі ты падаткі да 28-га чысла не аплаціш, цябе абкладаюць падаткам прыкладна ў такім жа памеры. А ўсё з-за адсутнасці інфармацыі.



Жонка Уладзіміра: Вы ж самі бачыце, што актывістаў саджаюць тут жа.

Уладзімір адзначыў, што з-за таго, што ён працуе ўдваіх з жонкай, звальняць людзей яму не давядзецца, а на акцыю ён прыйшоў вось чаму:

Уладзімір: Таму што ў гэтым жа ўказе сказана, што з 1 студзеня 2009 года індывідуальныя прадпрымальнікі ў любым выпадку будуць працаваць як фірма, аплачваць, як буйная фірма, паслугі бухгальтэра і ўсяго астатняга мы не можам. Таму з 1 студзеня 2009 года давядзецца закрывацца.

Жонка Уладзіміра: Калі б у нас было больш грошай, мы б з задавальненнем адкрылі б больш сур’ёзны бізнес.

Як толькі з’явілася гукаўзмацняльная апаратура, на ганку Палаца рэспублікі распачаўся мітынг, падчас якога былі агучаныя патрабаванні дробных бізнесоўцаў:



Віктар Крываль, прадпрымальнік з Узды: Патрабаванні ў нас простыя: свабоду нашым паплечнікам, якія зараз знаходзяцца ў Акрэсціна. Без гэтага ніякіх перамоваў з уладамі мы не збіраемся весці. Другое нашае патрабаванне – адмена альбо мараторый на пункт 1.1 760-га ўказу, які ў адзін момант зрабіў беспрацоўнымі тысячы беларусаў. Трэццяе нашае патрабаванне – распрацоўка пры ўдзеле прадстаўнікоў малога бізнэсу доўгатэрміновага закону аб малым бізнэсе. Мы патрабуем, каб цывілізавана вырашаліся праблемы прадпрымальнікаў Беларусі.

Пасля гэтага арганізатары заклікалі прысутных рушыць на плошчу Незалежнасці, каб нагадаць парламентарыям пра сябе і пасля разысціся. У суправаджэнні аўтазакаў, супрацоўнікаў ДАІ і КДБ у цывільным калона дайшла да мэты, аднак там апынулася, што будынак парламенту ачэплены спецназам. Да мітынгоўцаў выйшаў міністр унутраных справаў Уладзімір Навумаў, які даў 10 хвілінаў на разыходжанне, пасля прыгразіў прымяненнем сілы. Яе ўрэшце і ўжылі да асобных ўдзельнікаў акцыі і журналістаў, усю ж калону рассяклі на дробныя часткі і выцяснілі з цэнтру горада. Затрымана каля 20 чалавек, якіх сёння чакае суд. Дзеянні супрацоўнікаў міліцыі і асабіста міністра Навумава былі надзвычайна жорсткімі:



Жанчына: Я проста абураная! Што робяць нашыя ўлады!? Навумаў, міністр асабіста мяне хапаў, выварочваў рукі! Я буду рабіць усё, каб неяк перашкодзіць гэтай уладзе, каб адстаяць свае правы. Калі мяне будуць заклікаць на мітынгі, я заўжды буду хадзіць на мітынгі, пакуль гэтая ўлада існуе ў гэтай краіне.

І новы мітынг сапраўды прызначылі:

Віктар Крываль: Такая прапанова: забастоўка на ўвесь люты. 28 студзеня арганізавана выходзім да будынкаў мясцовых адміністрацыяў разам са сваімі наёмнымі працаўнікамі, разам з пакупнікамі, разам з людзьмі, пазбаўленымі сацыяльных гарантыяў.

Наступная сустрэча прадпрымальнікаў у цэнтры Мінску папярэдне прызначаная на 18 лютага, таксама на Кастрычніцкай плошчы.


---
Таксама на гэтую тэму:
Спецназ на чале з міністрам Навумавым разагнаў акцыю прадпрымальнікаў

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі