Прадпрымальнік пра новы Указ: Нас падманулі, а Лукашэнку падставілі

30 сакавіка Аляксандр Лукашэнка прымае ўказ № 143, які дазваляе іпэшнікам прадаваць лішкі тавараў, увезеных без дакументаў, да 1 студзеня 2016 года. Разам з тым цягам года павышаюцца каэфіцыенты падатку на дабаўленую вартасць — з 2 да 4.

Прадпрымальнік Юрый з Гродна скардзіцца, што ўказ стаў расчараваннем.

“Мне так падаецца, нас падманулі гэтым указам, а Лукашэнку падставілі чыноўнікі, бо мы хацелі зусім не гэтага, — кажа Юрый. — Мы хацелі засцерагчы нас ад дакументаў з Расіі. Нават Мясніковіч казаў, што 50% дакументаў у Расіі выклікаюць сумневы і нашы ІП не павінны за гэта адказваць. Мы тры гады даказвалі дзяржаве, што дакументы на тавар з Расіі фальшывыя. Са слоў прэзідэнта на “Экспабэле” мы зразумелі, што будзем працаваць па ранейшай схеме і без расійскіх дакументаў. І за гэты час знойдзецца нейкае выйсце”.

А замест гэтага прадпрымальнікі атрымалі дазвол працаваць без дакументаў толькі па лішках тавараў. А на новыя тавары па-ранейшаму трэба дакументы. Да таго ж прадпрымальнікам цяпер трэба будзе плаціць павышаны падатак на дабаўленую вартасць.

“У мяне стаўка ПДВ — 700 тысяч, за сакавік я плаціў 1,4 мільёна (каэфіцыент 2) і плюс адзіны падатак. А з красавіка я буду плаціць 1,75 мільёна (каэфіцыент 2,5), а ў снежні 2,8 мільёна (каэфіцыент 4). Атрымліваецца, тавару ў мяне будзе меней, а падатку я буду плаціць болей. Гэта не лагічна. У Расіі і Казахстане дакументаў не патрабуюць, а наша праблема, што мы занадта законапаслухмяныя, а нашы органы працуюць лепш, чым ў Расіі”, — тлумачыць Юрый.

Закон эканомікі гаворыць пра тое, што, калі вырастае адзін складнік кошту, непазбежна расце ў кошце і тавар. З 2 да 4 павышаецца каэфіцыент ПДВ для прадпрымальнікаў да канца гэтага года, значыць, павінны падскочыць і кошты! Але прадпрымальнікі запэўніваюць, што цэны не павялічацца.

“У нас беларускі эканамічны цуд. Таму я асабіста падымаць кошты не буду.Людзям хапае на ежу, і нейкі працэнт ад заробку на якія-небудзь рэчы”, — распавядае прадпрымальніца Вольга Шахмуць, якая гандлюе верхняй вопраткай ў Мінску. Жанчына заўважае, што яшчэ 13-га лютага яны разам з калегамі прасілі стварыць ініцыятыўную групу з прадпрымальнікаў і разам распрацоўваць дадаткі да ўказа, але гэтага не адбылося. І на сёння прадпрымальнікі маюць 143-ці указ, які не вырашае ніякіх праблем. Вольга кажа, што, прыняўшы павышаны ПДВ, прадпрымальнікі разлічвалі на старыя метады працы, але гэтага не адбылося. Яна лічыць, што каля 30% прапрымальнікаў зачыняцца ўжо летам. 

А вось для прадпрымальніцы з Маладзечна Тамары Багачовай, якая ад імя рэгіянальных прадпрымальнікаў размаўляла з кіраўніком дзяржавы, указ не стаў нонсэнсам: падчас сустрэчы гаворка ішла толькі пра лішкі, а не пра завоз новага тавару.

“А тое, ці можна завозіць без дакументаў новы тавар, пытанне засталося незакранутым”, — кажа Тамара Багачова. Яна заўважае, што дзяржаве іпэшнікі з іх формамі працы ўжо і не патрэбныя. Ёй і яе калегам трэба прызвычаіцца да новай формы працы. “Нам трэба выбраць шлях: ці распрадавацца і зачыняцца, ці аб’ядноўвацца. І вазіць тавар з дакументамі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі