Вы тут

Прадаўцы кажуць, што іх прымушаюць гандляваць таварамі з дзяржсімволікай

Сустрэча людзей з дзяржаўнай і нацыянальнай сімволікай на мінскай вуліцы / Еўрарадыё

Чытачы з некалькіх раёнаў Беларусі даслалі ў рэдакцыю TUT.by дакументы, якія абавязваюць прадаўцоў мець у наяўнасці тавары з дзяржаўнай сімволікай. Гэта асартыментныя пералікі для гандлю. 

Таксама гандлярам разаслалі спіс вытворцаў, у якіх можна замовіць гэтыя тавары. 

У лісце, які атрымалі гандляры, чыноўнікі спасылаюцца на ўнесеныя ў 2020 годзе змены ў асартыментныя пералікі (у тым ліку рапсавы алей, грэчку, свежыя грыбы), а таксама прапісваюць новаўвядзенні па таварах з нацыянальнай сімволікай (яны ўведзеныя пастановай МАРГ №74 ад 19 лістапада 2020 года "Аб пераліках тавараў").

"У сувязі з выкладзеным просім звярнуць увагу на неабходнасць выканання патрабаванняў заканадаўства аб гандлі, у тым ліку ў частцы асартыментных пералікаў тавараў, і наяўнасці ў продажы шырокага асартыменту тавараў з нацыянальнай сімволікай, сцягоў", — гаворыцца ў лісце.

У МАРГ журналістаў TUT.by запэўнілі, што сцягі і прадукцыя з дзяржаўнай сімволікай і раней былі ў асартыментных пераліках — калі яшчэ было Міністэрства гандлю.

Наконт ліста ў ведамстве заявілі наступнае: "У лісце ішла размова перш за ўсё аб праведзенай на працягу 2020 года працы па насычэнні спажывецкага рынку рэспублікі шырокім асартыментам тавараў, а таксама забеспячэнні захавання палажэнняў дактрыны нацыянальнай харчовай бяспекі Беларусі ў частцы пашырэння пералікаў тавараў, якія падлягаюць уключэнню ў асартыментныя пералікі тавараў для рознічных гандлёвых аб'ектаў розных відаў і тыпаў".

А пастанова №74, маўляў, актуалізавала пералікі і прапісала патрабаванні для дыскаўнтараў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.