Вы тут

Пра падазраваных у забойстве Шарамета аб'явілі ў прысутнасці Зяленскага

Брыфінг у Кіеве / Reuters

12 снежня ў Кіеве прайшоў брыфінг, на якім распавялі пра раскрыццё забойства журналіста Паўла Шарамета. На ім прысутнічалі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі і генпракурор Руслан Рабашапка. Адкрыў брыфінг міністр унутраных спраў Арсен Авакаў. Паводле яго слоў, будзе агучаная "невялікая частка матэрыялаў, якія валодае следства".

Авакаў: "Інфармацыя не толькі сенсацыйная, але і шакуючая...". Міністр намякнуў, што падазраваныя зусім не выпадковыя людзі.

Аўтамабіль Шарамета быў узарваны ў Кіеве 20 ліпеня 2016 года. Асноўная версія забойства — "дэстабілізацыя сацыяльна-палітычнай сітуацыі ў дзяржаве шляхам забойства вядомай асобы".

На брыфінгу былі агучаны прозвішчы і псеўданімы групы асоб, якія падазраюцца ў датычнасці да забойства: удзельнікі вайны на Данбасе Уладзіслаў і Іна Грышчанкі, Андрэй Антоненка (ён яшчэ і рок-музыкант), Яна Дугар (ваенная медсястра), валанцёр, дзіцячы лекар Юлія Кузьменка. Адзін з удзельнікаў групы па мянушцы "Пісталет" раней скончыў жыццё самагубствам.

Па версіі следства, выбухоўку пад машыну падклала Кузьменка. На брыфінгу звярнулі ўвагу, што ў апошнія гады яна набыла дом і некалькі аўтамабіляў. У 2016 годзе Юлія Кузьменка атрымала прэзідэнцкую ўзнагароду "За гуманітарны ўдзел у антытэрарыстычнай аперацыі".

Генпракурор выказаў спадзяванне, што стане вядомае і імя арганізатара забойства. Зяленскі таксама падкрэсліў, што трэба даведацца, хто ж замоўнік. Ён спадзяецца, што "ўсе злачынцы будуць за кратамі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Уладзіслаў і Іна Грышчанкі (псеўданімы — "Буча" і "Пума") ваявалі на Данбасе, у тым ліку і ў шэрагах "Правага сектару" / report.if.ua
Юлія Кузьменка / facebook.com
Андрэй Антоненка / Facebook
Яна Дугар / censor.net.ua