PR акцыя па-беларуску: У Еўропе мусілі адчуць “дух перамен”

Еўрарадыё пагартала старонкі газет, каб даведацца, як у беларускіх СМІ асвятлялася тэма нядаўняга інвестыцыйнага форуму нашай краіны ў Лондане.
Так “Советская Белоруссия”, адзначаючы высокую цікаўнасць заходніх бізнесменаў да ўдзелу ў беларускім форуме, патлумачыла - уся справа ў тым, што капіталісты вельмі заклапочаныя захаваннем ва ўмовах сусветнага эканамічнага крызісу сваіх капіталаў. Таму і шукаюць, дзе толькі магчыма, новых партнёраў. Газета Адміністрацыі прэзідэнта з гонарам адзначае, што заходнія бізнесмены былі бясконца ўражаныя тэмпамі эканамічнага развіцця нашай краіны:

“Палітычныя колы Вялікай Брытаніі, кіраўніцтва парламента выказалі меркаванне, што палітычны курс, які выбрала наша краіна, пацверджаны стабільным развіццём эканомікі. Беларусь паказала сябе дзяржавай, якая спакойна і ўпэўнена выбудоўвае стратэгію па заняццю дастойнага месца ў агульнаеўрапейскім доме, якая валодае высокім эканамічным патэнцыялам і адкрытай да супрацоўніцтва з іншымі краінамі”.

Пра востраў стабільнасці ў раз’юшаным моры сусветнага крызісу казаў, як паведамляе агенцтва БЕЛТА, і прэм’ер Сяргей Сідорскі. І пахваліўся, што ўсе ўдзельнікі форуму “выказалі меркаванне, што гатовыя інвеставаць у нашу краіну”. А каб меркаванне перарасло ў канкрэтныя інвестыцыі, Сідорскі распавёў пра дух рэформ:

“Мы зрабілі ўсё, каб яны не толькі пачулі, але і адчулі дух перамен, што адбываюцца ў Беларусі”.

Праўда прэм’ер не расшыфраваў, а БЕЛТА не данесла да беларусаў, што гэта за дух, што за перамены і якія рэформы меліся на ўвазе. Можа - часовыя спыненні працы не прадпрыемствах і магчымыя скарачэнні, пра якія гавораць працоўныя ўсё часцей?

Але паводле агенцтва "Интерфакс-Запад", заходніх інвестараў Сідорскі заманьваў у Беларусь аповедамі пра няспынную барацьбу ў нашай краіне з карупцыяй і адсутнасцю мяжы з Расіяй.

“У бізнэс-асяродку да мінімуму зведзеныя карупцыя і злачыннасць. Адзіная мытная і эканамічная прастора з Расіяй дазваляе разглядаць інвестыцыі ў Беларусь як стартавую пляцоўку для пастаўкі канечнай прадукцыі на мільённы расійскі рынак”, - падкрэсліў прэм’ер.

Відаць, угаварыў беларускі прэм’ер-міністр недаверлівых заходніх капіталістаў. Як паведаміў Еўрарадыё амбасадар нашай краіны ў Вялікабрытаніі Аляксандр Міхневіч падчас нядаўняга форума ў Лондане Беларусь падпісала перадкантрактных інвестыцыйных дамоваў на 2 млрд долараў:

“Я сёння магу сказаць, што на 2 мільярды долараў (гэта ўжо паспяхова) літаральна ў час форума былі падпісаныя перадкантрактныя дамоўленасці, а менавіта інвестыцыйныя праекты”.

Праўда, трэба адзначыць, што на форуме абмяркоўваўся пакет інвестыцый прыблізна на 20 мільярдаў долараў, таму Беларусь атрымала толькі 10% ад той сумы, на якую спадзяваліся ў Мінску.

Падводзячы вынік, можна прывесці словы намесьніцы рэдактара эканамічнага тыднёвіка "Белорусы и рынок" Ірыны Крыловіч. "Як PR акцыя, форум магчыма, быў паспяховы", - сказала яна ў каментары “Нашай Ніве”. Што да доўгатэрміновых яго вынікаў, то на думку Крыловіч, казаць нешта пакуль рана.

Фота - naviny.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі