Портнікаў: План Пуціна скіраваны на кансерваванне канфлікту на Данбасе

Падчас візіту ў Манголію Уладзімір Пуцін нечакана агучыў свой план па ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе. У гэтым плане сем прапановаў-патрабаванняў. Найперш кіраўнік Расіі заклікаў усе бакі спыніць наступальныя аперацыі і адвесці войскі Украіны ад гарадоў на Данбасе. Маўляў, каб яны не маглі абстрэльваць дамы мірных жыхароў. 
 
 
Акрамя таго, Пуцін заклікаў спыніць прымяненне авіяцыі супраць мірнага насельніцтва на Данбасе. На думку прэзідэнта Расіі, на паўднёвым усходзе трэба адкрыць гуманітарныя калідоры для бежанцаў і дастаўкі гуманітарных грузаў. Туды таксама павінныя прыехаць рамонтныя брыгады для аднаўлення аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры. 
 
 
На думку ўкраінскага палітолага Віталя Портнікава, ініцыятыва Пуціна можа азначаць, што Крэмль сур’ёзна асцерагаецца ўвядзення ЕС і NATO новых санкцый. Якія могуць паставіць “пад сумнеў выжыванне яго палітычнага рэжыму” — эканоміка Расіі іх не вытрымае.
 
 
Віталь Портнікаў: “Таму тое, што прапаноўвае Пуцін — гэта ў пэўнай ступені перадышка. Ён жа ў гэтых сваіх умовах нават ужо не кажа пра дзяржаўны статус ДНР і ЛНР. Але, ён відавочна настроены на кансерваванне гэтага канфлікту. Спадзяючыся, што далейшае развіццё сітуацыі, магчыма, змягчэнне пазіцыі ЕС і ЗША, дазволіць яму выкарыстоўваць замарожаны канфлікт як сродак уціску на Украіну. І дапаможа спыніць Украіну ў яе руху ў накірунку Еўрапейскага саюза і NATO”.
 
 
Па словах суразмоўцы Еўрарадыё, менавіта спыненне Украіны на шляху да ЕС з’яўляецца галоўнай мэтай Пуціна. Бо, сцвярджае Віталь Портнікаў, генеральная мэта кіраўніка Расіі —  “ліквідацыя ўкраінскай, беларускай і казахстанскай дзяржаўнасці і ўключэнне тэрыторый гэтых краін у склад Расійскай Федэрацыі, альбо Еўразійскага саюза, у які РФ будзе перайменаваная”. 
 
 
Замарожванне канфлікту Кіеву нявыгаднае, але тое, як ён адрэагуе на ініцыятыву Пуціна, будзе залежаць ад рэальнага патэнцыялу Узброеных сіл Украіны пасля падзей апошніх дзён на ўсходзе краіны.
 
 
Віталь Портнікаў: “Цалкам магчыма, што Кіеву таксама неабходная перагрупоўка, што Кіеў не хацеў бы справакаваць масавае ўварванне ўзброеных сіл Расіі на нашу тэрыторыю, а Новаазоўск паказаў, што гэта магчыма і што ніхто ўжо не будзе прыкрывацца наёмнікамі і дыверсантамі. Зразумела, што мы можам супрацьстаяць гэтай армадзе, але гэта прывядзе да незлічонай колькасці ахвяр. І гэтая колькасць можа дасягнуць дзясяткаў і сотняў тысяч. А ў тым выпадку, калі агрэсар будзе займаць тэрыторыі паза межамі Данецкай і Луганскай абласцей, на барацьбу з расійскай арміяй выйдзе мірнае насельніцтва, і тут ужо лік пойдзе на мільён. І я не думаю, што нехта ва Украіне гэтага хоча”.
 
 
Таму, кажа палітолаг, цяпер прэзідэнт Украіны Пётр Парашаэнка і іншыя ўкраінскія палітыкі шукаюць такое рашэнне праблемы, якое дазволіла б ліквідаваць “сепаратысцкі ачаг без актыўных ваенных дзеянняў”. Іншая рэч, што тут мэты Кіева і Масквы не супадаюць, што яна хоча пакінуць на тэрыторыі Украіны не толькі мясцовых баевікоў, але і сваіх наёмнікаў і нават салдат, сцвярджае Портнікаў. А ў такой сітуацыі знайсці паразуменне дастаткова складана.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі