Вы тут

Помнікі Быкаву і Барадуліну ва Ушачах адкрыюць 19 чэрвеня

Усталяванне помнікаў Васілю Быкаву і Рыгору Барадуліну / здымак Глеба Лабадзенкі

“Людзі даволі аператыўна сабралі грошы — больш за 11 тысяч долараў. Сёння пачаўся мантаж бюстаў пісьменнікаў”, — распавядае Еўрарадыё журналіст і грамадскі актывіст Глеб Лабадзенка

Крыху больш за год таму Глеб прапанаваў Ушацкаму райвыканкаму ўсталяваць у цэнтры горада помнікі Васілю Быкаву і Рыгору Барадуліну. Абодва нарадзіліся тут, на Ушаччыне. У верасні 2020-га, атрымаўшы згоду і ўсе неабходныя дакументы, Лабадзенка напісаў пра свой поспех у “Фэйсбук” і прапанаваў неабыякавым беларусам далучыцца да збору сродкаў. І вось, 15 чэрвеня ў цэнтры Ушачаў пачаліся мантажныя працы.

“Заслаўская фірма “Гранітны свет” з вялікай зніжкай зрабіла шыкоўныя пастаменты, — працягвае Лабадзенка. —  Вось-вось яны будуць усталяваныя. Адкрыццё адбудзецца 19 чэрвеня, акурат да Дня народзінаў Васіля Быкава”. 

Васіль Уладзіміравіч Быкаў — Народны пісьменнік Беларусі і грамадскі дзеяч, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, капітан. Большасць яго твораў — гэта вайсковыя аповесці, у якіх паказаны маральны выбар чалавека на мяжы жыцця і смерці.

Рыгор Барадулін (таксама вядомы, як Дзядзька Рыгор) — народны беларускі паэт, эсэіст і перакладчык. Больш за 20 гадоў аддаў выдавецтву “Мастацкая літаратура”. Быў адным са стваральнікаў і актыўных удзельнікаў Беларускага ПЭН-цэнтра.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.