“Польскія чыноўнікі забыліся пра дэмакратычныя каштоўнасці ў размовах з Мінскам”

“Польскія чыноўнікі забыліся пра дэмакратычныя каштоўнасці ў размовах з Мінскам”

У першыню за шмат гадоў адносіны паміж Польшчай і Беларуссю маюць шанс значна палепшыцца. Гэта адбудзецца дзякуючы знешняй палітыцы правячай польскай партыі “Права і Справядлівасць”, якая ўзяла курс на адсутнасць канфліктаў з беларускім урадам, і таму, што польскія афіцыйныя асобы ў стасунках з Мінскам адсунулі пытанне дэмакратычных каштоўнасцяў на другі план. Пра гэта ў жывым эфіры Еўрарадыё заявіў эксперт польскага Фонду імя Стэфана Баторыя Кшыштаф Мрозэк.

“Есць вялікае адрозненне паміж чыноўнікамі Еўрапейскага саюза і польскімі чыноўнікамі дзеючага ўраду. Нашы чыноўнікі не кажуць пра каштоўнасці падчас сустрэч са сваімі беларускімі калегамі. Калі паглядзець на любую сустрэчу беларускага міністра замежных спраў Макея ў Бруселі, то там могуць абмяркоўваць інфраструктурныя праекты ў межах праграмы "Усходняе партнёрства", але заўжды еўрапейскі чыноўнік скажа: “А што там наконт правоў чалавека? Што наконт адмены смяротнага пакарання?”.

Польскія ж чыноўнікі не толькі так не робяць — яны падчас афіцыйных размоў увогуле забылі пра каштоўнасці. І нават дазваляюць сабе вельмі дзіўна выказвацца наконт беларускіх уладаў, чаго не здаралася ніколі да змены ўлады ў Польшчы. Так спікер Сената (вышэйшай палаты парламента Польшчы) неяк заявіў, што спадар Лукашэнка — вельмі прыемны чалавек, які клапоціцца пра сваіх грамадзян. Безумоўна, спадар Карчэўскі мае права на такое меркаванне. Але ён кажа як прадстаўнік уладаў Польшчы і павінен быць больш асцярожным у сваіх публічных выказваннях”, — заявіў польскі эксперт.

Па словах Кшыштафа Мрозэка, такое паляпшэнне адносін паміж Мінскам і Варшавай можа прывесці да таго, што падтрымка з боку Польшчы беларускай грамадзянскай супольнасці можа значна скараціцца.

Цалкам размову з экспертам польскага Фонда імя Стэфана Баторыя Кшыштафам Мрозэкам і дырэктарам па даследаваннях цэнтра EAST Андрэем Елісеевым можна паслухаць і паглядзець тут:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі