Польшча назвала ўмову для адкрыцця памежнага пераходу Баброўнікі — Бераставіца

Пераход Бераставіца — Баброўнікі адчыняць, калі вызваляць Анджэя Пачобута / Forum
Пераход Бераставіца — Баброўнікі адчыняць, калі вызваляць Анджэя Пачобута / Forum

Адкрыццё памежнага пункту пропуску Бераставіца — Баброўнікі залежыць ад вызвалення ў Беларусі актывіста польскай меншасці, журналіста Анджэя Пачобута. Пра гэта заявіў міністр унутраных спраў Польшчы Марыюш Камінскі, перадае "Польскае радыё".

Журналісты папрасілі польскага міністра пракаментаваць заяву Аляксандра Лукашэнкі. Напярэдадні той заявіў, што палякі "хапаюць людзей", каб потым абмяняць іх на кагосьці ў Беларусі ці Расіі. Так Лукашэнка адрэагаваў на звесткі пра выкрыццё ў Польшчы расійскай шпіёнскай сеткі, у якой дзейнічалі і грамадзяне Беларусі.

Камінскі не стаў каментаваць словы Лукашэнкі, але дадаў, што той атрымаў вельмі выразны сігнал. "Калі Анджэя Пачобута заўтра адпусцяць, то пераход у Баброўніках будзе адкрыты паслязаўтра", — заявіў кіраўнік МУС Польшчы.

Пры гэтым ён папярэдзіў, што Варшава вельмі жорстка адрэагуе, калі беларускія ўлады прадпрымуць далейшыя дзеянні супраць польскай дзяржавы ці супраць польскіх грамадзян.

Польшча закрыла пункт пропуску Баброўнікі — Бераставіца з 10 лютага. Перад гэтым актывіста польскай меншасці ў Беларусі Анджэя Пачобута ў Гродне асудзілі на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі