Польшча і Чэхія пакідаюць для беларусаў нацыянальныя візы

З 21 снежня па 1 студзеня дзевяць еўрапейскіх краін далучацца да Шэнгенскай дамовы. Плануецца, што амбасады Польшчы, Літвы, Латвіі, Чэхіі, Венгрыі, Славакіі пачнуць выдаваць шэнгенскія візы па 60 еўра замест нацыянальных, якія ў шмат разоў танней. Ці змогуць беларусы адсвяткаваць Каляды і сустрэць Новы год у Чэхіі, Польшчы ці Літве? Польшча і Чэхія ўступаюць у Шэнген ужо 21 снежня. Аднак у амбасадах гэтых краін пакуль не ведаюць, калі пачнецца выдача шэнгенскіх віз і ці будуць ўведзеныя асобныя нацыянальныя візы.

Рашэнне міністэрстваў замежных спраў гэтых краін чакаецца ў бліжэйшым часе. Тым не менш беларусы змогуць пагуляць на Калядныя святы ў Польшчы па візе за 5 еўра. Па словах прэс-сакратара польскай амбасады Монікі Садкоўскай, беларусы змогуць атрымаць нацыянальныя візы на наступны год. Толькі зрабіць гэта неабходна да 21 снежня.

Моніка Садкоўская: “На візу можна падаць папярэдне і атрымаць шматразовую на 90 дзён. Таму, калі некаму трэба паехаць у пачатку наступнага года, то можна падаваць на візу да 20 снежня. Але гэта будзе польская віза, якая будзе дзейнічаць толькі на тэрыторыі Польшчы”.

На жаль, спадарыня Садкоўская не акрэсліла рамкі, да якога часу можа дзейнічаць нацыянальная віза, выдадзеная на наступны год. Паводле яе слоў, адпаведнае рашэнне будзе прымацца консулам у індывідуальным парадку.

Падобная сітуацыя і ў чэшскай амбасадзе. Па словах намесніка консула спадарыні Ірыны Свобадавай, да 20 снежня можна будзе падаць дакументы на атрыманне чэшскай аднаразовай або шматразовай візы па цяперашніх коштах і правілах. Прычым, дата паездкі і час знаходжання будзе залежаць ад часу, пазначанага ў запрашэнні.

У літоўскай амбасадзе пакуль нічога невядома, акрамя таго, што краіна ўступае ў Шэнген з 1 студзеня. Аднак, як раней паведамляў Еўрарадыё Дарыус Віткаўскас, дарадца амбасадара Літвы, адначасова з выдачай шэнгенскіх віз будуць выдавацца і ўнутраныя, толькі для наведвання Літвы.

Дарыус Віткаўскас: “З першага студзеня, нягледзячы на ўступленне Літвы ў Шэнгенскую зону, нацыянальная віза будзе і надалей дзейнічаць. Будзе выдавацца шэнгенская віза, але будуць і выпадкі, калі будзем выдаваць нацыянальную візу”.

Дарэчы, у верасні кіраўнікі Вышаградскай чацвёркі — прэзідэнты Чэхіі, Венгрыі, Польшчы і Славакіі абвясцілі пра свой намер адмяніць плату за візы для грамадзян Беларусі з уступленнем у Шэнген.

Планавалася, што бясплатныя ўнутраныя візы будуць выдавацца беларусам паралельна з шэнгенскімі. Аднак ці набудзе моц гэтае рашэнне, дагэтуль невядома.

Фота — photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі