Вы тут

"Подпіс не мой": мінчук выявіў, што "вылучыў" незнаёмую жанчыну ва УВК

Фатаграфія заявы, на якой выявіўся "падроблены" подпіс / Фота: Алег Зыль

Мінчук Алег Зыль знайшоў свае прозвішча, імя, імя па бацьку, адрас і не свой подпіс побач з імі ў заяве аб вылучэнні незнаёмай яму жанчыны ва ўчастковую выбарчую камісію. Таццяна Плашчынская, начальнік аддзела кадраў і справаводства ААТ "Белметал", у сярэдзіне чэрвеня вылучылася ва УВК участка для галасавання №90 у Заводскім раёне Мінска. Сярод дзесяці  выбаршчыкаў, якія нібыта вылучылі яе, ёсць Алег Васілевіч Зыль, хоць ён сцвярджае, што ніколі не чуў пра Плашчынскую.

— Я не ведаю, чаму мой подпіс апынуўся там. Пайшлі, узялі спісы ў ЖЭСе — і ўсё? Таму што не толькі я, яшчэ чалавек пяць там гэтак жа выпадкова апынуліся. Пра гэтую жанчыну я нічога не ведаю і нават блізка, — расказвае Еўрарадыё Алег Зыль. — Мы ўжо падалі заяву ў РУУС і цяпер будзем чакаць афіцыйнага адказу.

 

Пра тое, што яго подпіс ёсць у заяве, Алег Зыль даведаўся зусім выпадкова. На занятае Плашчынскай месца ва УВК прэтэндавала актывістка руху "Сумленныя людзі", але ёй адмовілі. Адвакат, які дапамагаў ёй аспрэчыць рашэнне тэрытарыяльнай камісіі, абзваніў выбаршчыкаў, чые подпісы стаялі ў заяве аб вылучэнні Плашчынскай. Некаторыя з іх, як і Зыль, кажуць, што ўпершыню чуюць пра тое, што вылучылі кагосьці ва УВК.

Еўрарадыё дазванілася да аддзела кадраў ААТ "Белметал", дзе працуе Таццяна Плашчынская. Аднак яе на месцы не аказалася — нам парэкамендавалі перазваніць праз дзесяць хвілін. Але праз дзесяць хвілін гісторыя паўтарылася.

У складзе ўчастковай камісіі ўчастка №90 як мінімум 4 чалавекі маюць дачыненне да "Белметала":

Зайцаў Валерый Уладзіміравіч — намеснік начальніка аддзела ЗЭД,
Канашэвіч Дзмітрый Яўгенавіч — вядучы інжынер па ахове працы,
Мякішаў Аляксандр Уладзіміравіч — намеснік генеральнага дырэктара па інжынерна-тэхнічным забеспячэнні,
Плашчынская Таццяна Іванаўна — начальнік аддзела кадраў і справаводства.

 

Акрамя таго, частка подпісаў за вылучэнне Таццяны Плашчынскай ва УВК павінна была быць прызнаная несапраўднай. Яны датаваныя лютым 2020 года — больш ранняй датай, чым папярэднія подпісы. Участковыя выбарчыя камісіі на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года пачалі фармавацца ў сярэдзіне чэрвеня, а ніяк не ў лютым.

Па словах актывісткі, на неадпаведнасць дат было паказана яшчэ падчас пасяджэння камісіі, якая вырашала, хто ўвойдзе ў склад УВК. Аднак прадстаўніца адміністрацыі Заводскага раёна сказала, што "гэта апіска", і Плашчынскую выбралі лічыць галасы выбаршчыкаў, нягледзячы на парушэнне.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.