Побач з аварыйным мостам праз Прыпяць пабудуюць пантонную пераправу

Побач з аварыйным мостам праз Прыпяць пабудуюць часовую пантонную пераправу. Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў Жыткавіцкім райвыканкаме. Падрыхтоўка пачнецца 8 снежня каля вёскі Боркі, ёй будуць займацца інжынерныя войскі Узброеных сіл і спецыялісты МНС.

Як інфармавала Еўрарадыё, 7 снежня ў канструкцыі моста праз Прыпяць, пабудаванага на трасе Жыткавічы — Давід-Гарадок — мяжа Украіны ў 1985-м, заўважылі расколіну (ратавальнікам патэлефанаваў відавочца), супрацоўнікі ДАІ тэрмінова спынілі рух транспарту. Мост будуць аглядаць спецыялісты з Мінска (дарэчы, яго даўжыня амаль 889 метраў, а шырыня — 10 метраў). Яны мусяць зрабіць выснову, ці будзе мост аднаўляцца, ці побач пабудуюць новы. Пакуль жа прадстаўнік Мінтрансу заявіў, што найхутчэй мост закрыюць на год.

Мост важны, яго закрыццё прынясе нямала праблем, якія цяпер спрабуюць вырашыць. Як стала вядома, прынятае рашэнне дазволіць рух па мосце пешаходаў, раварыстаў і матацыклістаў. Таксама па ім змогуць ездзіць аўтамабілі спецыяльнага і аператыўнага прызначэння. Маршрутныя аўтобусы з Жыткавічаў і Турава будуць падвозіць людзей проста да моста. Аўтамабільны транспарт, які важыць менш за 10 тон, збіраюцца перапраўляць праз Прыпяць праз паромную пераправу ў Петрыкаўскім раёне.