Вы тут

Плюс мільярд за паўгода: даўгі беларусаў па крэдытах дараслі да Br12 млрд

realt.by

Завінавачанасці беларусаў па крэдытах дасягнулі рэкорднага аб’ёму: на 1 чэрвеня яны склалі 12 мільярдаў 371,5 мільёна рублёў, паведамляе Нацбанк у сваёй статыстычнай справаздачы. Сюды ўваходзяць спажывецкія крэдыты, пазыкі на жыллё і аўтамабілі, карты растэрміноўкі.

Паўгода таму, у лістападзе 2018 года агульная завінавачанасць перайшла мяжу ў 11 мільярдаў рублёў. Адзнака ў 10 мільярдаў была пераадоленая ў чэрвені 2018 года. Такім чынам, беларусы кожныя паўгода набіраюць у банках дадатковы мільярд рублёў пазыкаў і гэтак працягваецца, нягледзячы на абмежаванні, уведзеныя летась Нацбанкам. Тады пастанавілі, што крэдытная нагрузка не павінна перавышаць 40% ад прыбытку, заяўленага крэдытаатрымальнікам.

За травень завінавачанасці выраслі на 190,9 мільёна рублёў, за красавік —  на 207,9 мільяна, за сакавік —  на 145,6 мільёна.

Нацбанк раней прыпушчаў, што можа ўвесці новыя абмежаванні, калі тэмпы крэдытавання будуць расці. Але пакуль змяненне інструментаў даўгавой нагрузкі не плануецца.