Піяр-менеджарка “Голаса” адкрывае ў Вільні анлайн-школу персанальнага брэндынгу

Піяр-менеджарка “Голаса” адкрывае ў Вільні анлайн-школу персанальнага брэндынгу

Таццяна Курбат - вядомая беларуская піяршчыца, аўтар шэрагу паспяховых праектаў для МТС, "Еўраопта" і "А-100". А ў ліпені 2020 года далучылася да ініцыятывы "Голас".

У пачатку жніўня знаёмыя папярэдзілі Таццяну, што ёй варта тэрмінова пакінуць Беларусь праз пагрозу арышту. Апошнія паўгода яна жыве ў Вільні, працягвае працаваць у "Голасе", а нядаўна стварыла онлайн-школу персанальнага брэндынгу "Пражэктар".

— Я дапамагаю запускаць усе прадукты і праекты, якія ствараюць Павел Лiбер і іншыя людзі. Наша каманда сфармавалася ў ліпені 2020 года: мы супалі адно з адным па каштоўнасцях. Але ў мяне няма амбіцый заставацца ў палітыцы ці каля яе. Я і ў “Голас” прыйшла не для таго, каб упісаць сваё імя ў гісторыю, а таму, што не магла стаяць збоку і разумела, што мае веды і досвед дапамогуць праекту, — так і атрымалася.

Але я падзяляю сваю дзейнасць у палітыцы і школу персанальнага брэндынгу. Школа — пра будучыню, гэта наступны крок. Я веру, што хутка змагу вярнуцца дамоў і працягну развіваць “Пражэктар” у Мінску. Сваім праектам я хачу палепшыць якасць адукацыйных анлайн-прадуктаў і павысіць стандарты персанальнага брэндынгу.

Піяр-менеджарка “Голаса” адкрывае ў Вільні анлайн-школу персанальнага брэндынгу

У сваёй школе Таццяна Курбат плануе вучыць “сумленнаму брэндынгу”. А які ён?

— Сумленны брэндынг радуе самога чалавека, праяўляе ягоныя каштоўнасці, адметнасці і прафесіяналізм; паляпшае жыццё чалавека і ягоную працу на ўсіх узроўнях. І нясе карысць наваколлю чалавека. Сумленны брэндынг не залежыць ад кантэнт-планаў і трэндаў інстаграма, жыве ў сацыяльных сетках і далёка за іх межамі, працуе доўгія гады і дапамагае перажыць штормы.

Я не хацела б выгараць яшчэ перад запускам праекта, таму вырашыла падзяліць функцыі. Я складаю вучэбную праграму і пазіцыянаванне школы, астатнім займаецца каманда: прадзюсар Міла Ліцвінская, праектны менеджар, метадолаг, тэхнічны спецыяліст, капірайтар, дызайнер. Таксама я далучаю стылістаў і фатографаў.

Чым школа Таццяны будзе вылучацца сярод мноства падобных устаноў?

— Вядома, я ў курсе, што сёння асабістаму брэнду навучаюць на кожным кроку. Як і ў любой сферы, ёсць моцныя эксперты, а ёсць тыя, хто проста прадае чужую тэорыю і паняцця не мае, як гэта тэорыя паводзіць сябе на практыцы. 

Мой метад — пра магутны вынік, глыбіню, этыку і адказнасць. І крыху пра магію, куды ж без яе. Я навучу думаць як чалавек-брэнд і дапамагу разгадаць сакрэт: чаму асабісты брэнд будуюць тысячы людзей, а атрымліваецца ў адзінак. А яшчэ раскажу пра асалоду і ад працэсу, і ад выніку.

Рашэнне адкрыць школу Таццяна прыняла яшчэ ўзімку. А чаму чакала да чэрвеня?

— Я хутка зразумела, што перадусім павінна навучыцца выкладаць і якасна перадаваць веды. Я практык: заўжды працавала на вынік і развязвала канкрэтныя задачы. Але іншая задача — раскласці кейсы на інструменты і знайсці ўзаемасувязь паміж імі. Ад студзеня я вывучаю метадалогію, педагогіку і андрагогіку — уменне навучаць дарослых.

Чым горшы час, тым мацнейшае значэнне чалавека, асобы. Мінулы год канчаткова пераканаў мяне ў жаданні падсвечваць людзей і дапамагаць ім станавіцца магнітамі. Маё жыццё рэзка перакруцілася, але я знайшла спосаб займацца тым, што люблю больш за ўсё. Пасля таго, што адбылося за год, — гэта кіслародная падушка.

Піяр-менеджарка “Голаса” адкрывае ў Вільні анлайн-школу персанальнага брэндынгу

Патэнцыйным навучэнцам давядзецца прайсці папярэдні адбор у школу.

— Я правяду анкетаванне і асабіста паразмаўляю з кожным студэнтам, каб зразумець, ці змагу я быць яму карыснай. Камерцыйны складнік для мяне не самы важны. Я хачу перадаць свой досвед і экспертызу, каб паляпшаць жыццё людзей. Але студэнт мусіць быць маральна і прафесійна падрыхтаваны. 

Праграма курса складаецца з модуляў з запісанымі відэаўрокамі. Будуць групавыя анлайн-сесіі з разборам канкрэтных сітуацый і пошукам рашэнняў, магчымы і індывідуальны фармат. Суправаджаць студэнтаў ад пачатку навучання будуць настаўнікі і куратары. 

Якой Таццяна Курбат бачыць будучую анлайн-адукацыю?

— Анлайн-адукацыя — “новы чорны” [хітовая тэндэнцыя, лідар пераваг. — Еўрарадыё] у адукацыі. Вядома, фундаментальныя і сістэмныя веды па-ранейшаму атрымліваюць ва ўніверсітэтах. Але свет змяняецца імкліва, інфармацыя старэе імгненна. Людзі, якія імкнуцца быць актуальнымі і паспяховымі, мусяць пастаянна абнаўляць свае веды.

Тыя, хто не ёсць экспертамі, а толькі пераследуюць выгаду, крыху сапсавалі рэпутацыю анлайн-адукацыі. Але карыстальнікі вучацца адрозніваць экспертаў ад “інфацыганоў”. Людзі больш не хочуць проста вучыцца: ім патрэбныя канкрэтныя персоны з пацверджанымі вынікамі, кейсамі і дасягненнямі. Вучыцца ў практыкаў заўжды цікавей. Пэўна, у будучыні ў эксперта будзе свой адукацыйны прадукт у той сферы, дзе эксперт дасягнуў практычнага поспеху.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі